1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся VII Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. На сустрэчу дзяцей прыбылі таксама прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Мінска, Маладзечна, Нясвіжа і Гатава.
У цэлым у сустрэчы прыняло ўдзел больш за 2400 чалавек. Сёлета свята праходзіла пад дэвізам «Марыя – наша Маці – аб'явілася дзіцяцi». Мэтай арганізатараў было нагадаць дзецям, якія цалкам запоўнілі плошчу перад касцёлам, што дакладна адбылося 100 гадоў таму ў Фаціме.
У гэтым дапамагалі апранутыя ў фацімскіх дзяцей валанцёры, якія падчас мерапрыемства сталі Люцыяй, Францішкам і Жасінтай. Яны прадставілі на сцэне момант прыйсця да іх Найсвяцейшай Маці, якая сто гадоў таму прасіла свет аб малітве, пакаянні і навяртанні.
Кожны ўдзельнік сёлетняга Дня дзіцяці на пачатку атрымаў патрэбныя матэрыялы (10 пацерак, крыжык і кавалак шнурка), каб сваімі рукамі зрабіць маленькі ружанец. Гэта павінна было заахвоціць дзяцей палюбіць ружанцовую малітву і, вярнуўшыся дадому, прапанаваць супольна прамаўляць яе з бацькамі, усёй сям’ёй.
Напрыканцы дыяцэзіяльнага свята ўдзельнікі ўрачыста вынеслі сімвалічны ружанец, зроблены з шароў. Далей з’явіліся дзеці - пастушкі з Фацімы, якія прынеслі ўсім пасланне ад Марыі. Марыя заклікала дзяцей разам памаліцца дзясяткай святога ружанца. Сумесная малітва аб’яднала дзяцей у адну Божую сям’ю, якая вельмі любіць Езуса і Найсвяцейшую Маці.
Удзельнікам сустрэчы нагадалі таксама, што падчас сваіх аб’яўленняў Марыя сказала дзецям вельмі важныя словы, якія ніколі нельга забываць, бо яны і сёння актуальныя. Марыя, як наша Маці, клапоціцца аб кожным і хоча, каб мы былі сапраўднымі сведкамі веры. Уся аповесць аб Фаціме – гэта аповесць аб цудзе, цудзе пастаяннай прысутнасці сярод нас Бога Жывога, гатовага заўсёды даць нам усё, што патрэбна для нашага збаўлення, галоўнае каб мы самі гэтага захацелі.
Кульмінацыйным момантам стала хвіліна, калі ружанец, зроблены з шароў, запусцілі ў неба. Гэты момант быў сімвалічным аддаваннем сваіх просьбаў Пану Богу праз рукі Марыі.
Анастасія Мішкура