15 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў крыж і памятную табліцу на месцы спаленага дашчэнту ў 2013 годзе касцёла св. Міхала Арханёла ў вёсцы Скрундзі.
Іерарх наведаў гэтае месца ў межах кананічнай візітацыі, якая праходзіць у Дзятлаўскім дэканаце. Біскуп сустрэўся і памаліўся там з невялікай групай вернікаў. Гродзенскі ардынарый падзякаваў ім за іх прывязанасць да Касцёла і вернасць Богу. “Дзякую вам за ваша цудоўнае сведчанне веры і тое, што вы тут ёсць”, - звярнуўся да вернікаў іерарх.
Біскуп заклікаў вернікаў працягваць трываць на малітве, асабліва за новае пакаленне, ад якога ў вялікай меры залежыць, ці будуць Бог, вера і Касцёл прысутнічаць у грамадскім жыцці.
Сустрэча прайшла ў сардэчнай атмасферы і малітоўным настроі. Фундамент, які застаўся ад спаленай святыні, сведчыць аб тым, што гэтае месца было абрана Богам. Нягледзячы на тое, што святыні сёння тут няма, вера і дзіцячая прастата ў сэрцах людзей прысутнічаюць.
Драўляная святыня ў вёсцы Скрундзі была пабудавана дзякуючы вялікай ахвярнасці саміх вернікаў у 1996 г., асвечана праз год. Касцёл згарэў 22 мая 2013 года. Сёння вернікі збіраюцца ў прыватным доме, які быў адаптаваны пад месца малітвы.
Кс. Юрый Марціновіч