Skip to main content

Сакрамэнт канфірмацыі ў Сапоцкіне: без дапамогі Духа Святога цяжка ўзрастаць у любові

sapockina kanfirmacyja 39 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Падчас урачыстай Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі гэтай парафіі, вернікам парафій Перамянення Пана ў Селіванаўцах i Маці Божай Ружанцовай у Лабне.

Прадстаўнікі бацькоў маладых людзей, якія ў гэты дзень былі ўзбагачаны сямю дарамі Духа Святога, на пачатку літургіі звярнуліся да біскупа з просьбай аб удзяленні сакрамэнту іх дзецям. Бацькі адзначылі, што глядзяць на сваіх дзяцей з непакоем, але і з даверам, бачаць іх непакой сэрца, і дадалі, што дасканала ўсведамляюць тое, што толькі Хрыстус прыносіць шчасце чалавеку.

"Таму сёння мы разам з нашымі дзецьмі, якім перадаём скарб веры і сваім жыццём стараемся паказваць, што толькі вера і любоў Бога надае сэнс нашаму жыццю”, - сказалі прадстаўнікі бацькоў.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі прымаючых сакрамэнт канфрмацыі і іх парафіяльных супольнасцяў.

"Дары Духа Святога – гэта пасілак з неба, які ўмацоўвае наш дух, каб мы маглі жыць і функцыянаваць, каб маглі правільна думаць, добра разумець рэчаіснасць, мець правільны, Божы погляд на жыццё”, - патлумачыў у гаміліі іерарх значэнне сакрамэнту канфірмацыі.

sapockina kanfirmacyja 20

Біскуп дадаў, што сакрамэнт хрысціянскай сталасці патрэбны чалавеку, каб той добра разумеў, для чаго жыве, чаго павінен жадаць і што павінна быць найважнейшай мэтай жыцця.

"Без дапамогі Духа Святога нам было б неверагодна цяжка верыць, маліцца, жыць у праўдзе, справядлівасці і любові, перамагаць уласныя памылкі і слабасці, змагацца з грахом, спаўняць добрыя ўчынкі, узрастаць у любові да Бога і бліжняга”, - сказаў біскуп.

Затым, падчас намашчэння святым алеем хрызма, вернікі абавязаліся быць, як апосталы, “сведкамі ў Ерузалеме, усёй Юдэі і Самарыі ажно да краю зямлі” – у сваіх асяроддзях, месцах вучобы і працы, такім чынам пазбаўляючыся страху, які часта напаўняе сэрцы маладых людзей, і набываючы энтузіязм і ахвоту да жыцця.

На заканчэнне Імшы словы падзякі ад тых, хто атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, былі выказаны біскупу, святарам і сёстрам законным, якія рыхтавалі іх на катэхезе. Таксама яны запэўнілі, што жадаюць далей падтрымліваць дух святой веры, каб нявер’е не заглушала Бога ў іх сэрцах.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавэцкі