Ужо ў 11-ы раз у першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэціі моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, дзякуючы ім за іх неацэнны ўклад у грамадства і за выхаванне ў веры будучых пакаленняў.
7 мая галоўныя ўрачыстасці Дня маці адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Тут маліліся ў інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі, для жывых аб Божым благаслаўленні, а для памерлых аб вечным жыцці ў небе.
У гэты дзень у санктуарый прыбылі ў пешай пілігрымцы маці з Гродна разам са сваімі дзецьмі і мужамі, каб прасіць у Панны Марыі ласкаў для сваіх сем’яў. Пілігрымавалі разам і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб таксама сваімі малітвамі і працай пілігрымавання падтрымаць маці.
Маці павінна даць свету любоў
Санктуарый у Капцёўцы з’яўляецца сапраўды такім месцам, якое прыцгвае пілігрымаў. Той, хто хоць бы раз у жыцці наведаў гэтае месца, абавязкова робіць для сябе пастанову прыбыць сюды яшчэ не адзін раз у жыцці.
Як адзначаюць пілігрымы, якія ў гэты дзень наведалі святыню, тут можна спазнаць сапраўдны супакой і мець магчымасць сказаць усё тое, што ўчыняе радасць і смутак нябеснай Маці, якая заўсёды гатова слухаць і дапамагаць. Дастаткова мець веру і чыстае сэрца, каб стаць сведкам вялікіх рэчаў, якія можа ўдзяліць Божы Сын, праз рукі сваёй найдасканалейшай Маці.
На сёлетнія ўрачыстасці ў Капцёўку прыбыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Па традыцыі ўсіх пілігрымаў прывітаў радасна і гасцінна кусташ санктуарыя кс. Міхаіл Ластоўскі разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю. Усіх, хто ўваходзіў у святыню, святар акрапляў асвячонай вадой і заахвочваў даверыць Маці Божай свае справы і цяжкасці.
"Я цешуся тым, што чарговы раз магу вас тут прывітаць. Гэта вельмі важна, каб ва ўсе свае справы пасвяціць Марыю, бо Яна вам заўсёды дапаможа", — гэтымі словамі, вітаючы пілігрымаў, заахвочваў іх да малітвы кс. Ластоўскі.
Канферэнцыю на тэму "Фацімскае пасланне сёння" прамовіў для прысутных кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Святар зазначыў, што Маці Божая просіць кожнага чалавека аб уключэнні ў справу збаўлення свету, ратавання сябе і сваіх блізкіх. “Ведаем, што толькі любоў Хрыста можа перамагчы ўсю моц зла, якое абцяжарвае нас і ўсё чалавецтва”, - дадаў кс. Марціновіч. Па словах святара, Хрысту патрэбна, аднак, згода чалавека, “каб мог далей дзейнічаць праз нас і дасягаць сваёй любоўю самых вялікіх грэшнікаў”.
“Мы пакліканы да з’яднання ў Беззаганным Сэрцам Найсвяцейшай Маці, каб вучыла нас жывой веры і даверу”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч.
Кажучы аб пасланні, якое Найсвяцейшая Панна Марыя перадала траім дзецям роўна сто гадоў таму, кс. Марціновіч падкрэсліў, што сутнасць гэтага паслання будзе актуальнай так доўга, як доўга будзе існаваць свет. Святар заўважыў, што Марыя нічога не выдумала, а толькі нагадала тое, аб чым свет забывае: аб неабходнасці навяртання, пакаяння, малітвы.
“Калі з даручэння Неба сама Марыя сказала пра культ свайго Беззаганнага Сэрца, гэта значыць, што ён сёння вельмі патрэбны свету. Калі Маці Божая як маці кажа аб сэрцы, то, відавочна, сённяшні свет страіцў тое, што звязана з сэрцам: любоў, разуменне, кампенсаванне", - дадаў кс. Марціновіч.
Маці павінна стаць абаронцай веры і звычаяў
Пасля канферэнцыі прысутныя ў санктуарыі маці прынялі ўдзел у Крыжовым шляху, які правёў кс. Здзіслаў Ведэр SDB, духоўны айцец семінарыі ў Гродне. Падчас набажэнства вернікі маліліся за сем’і, перад якімі сёння, як заўсёды, стаяць вельмі важныя выклікі - перадаць жыццё, хрысціянскія каштоўнасці і выхаваць новыя пакаленні сумленнымі людзьмі.
Урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых маці дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.
"Тым, што Марыя наша Маці, мы ўдзячныя падзеям Вялікай пятніцы і Нядзелі Уваскрасення. Гэта там падчас драматычных падзей мы пачулі разам з апосталам Янам з вуснаў Хрыста: “Вось Маці твая” – і так сталася ", - сказаў у гаміліі іерарх.
Таксама біскуп разважаў над пакліканнем кожнай зямной маці і яе роляй у жыцці кожнага чалавека, адзначыўшы, што ўсім, што чалавек мае каштоўнага ў сваёй асобе, ён павінен быць удзячным найперш сваёй маці.
"Маці з любоўю нас нарадзіла. Маці ад пачатку вядзе сваё дзіця да Бога. Дзіця найперш у маці сустракае Бога. На яе падабенства ўтварае Яго вобраз. Дзіця разумее маці і давярае ёй. Чуе тое, што яна чуе, бо маці найчасцей кажа сэрцам”, - адзначыў іерарх.
Па словах біскупа, калі мы хочам, каб сёння лепш выглядалі нашы сем’і і парафіі, дыяцэзія і дзяржава, то патрэбны маці, якія шмат моляцца. “Маці павінны сёння стаць у першых шэрагах абаронцаў веры і чысціні звычаяў. Яны не могуць забываць, што павінны быць дапамогай у чыненні дабра”, - дадаў іерарх.
Біскуп заўважыў, што сёння з маці хочуць зрабіць сучасную жанчыну, якая акрамя апекі над дзецьмі і домам вымушана працаваць часта звыш сіл. "Трэба сёння паклапаціцца аб маці. Гэтая роля ляжыць на мужу і дзецях, які павінны зрабіць усё, каб аблегчыць жыццё маці і жонцы”, - заклікаў іерарх.
Дзяцей, прысутных на літургіі, біскуп заахвоціў цалаваць рукі сваім маці, такім чынам выражаючы ім удзячнасць і любоў. А звяртаючыся да маці, іерарх запэўніў у малітве Касцёла ў іх інтэнцыі. “У ваша свята атачаем вас сваёй любоўю і павагай, дзякуючы вам за вашу працу, самапрысвчэнне, усмешку, любоў і матчына сэрца”, - дадаў біскуп.
Маці, напоўненыя ў малітве Божай энергіяй і ўмацаваныя ў веры, пакідалі санктуарый, поўныя назеі на лепшае заўтра. Яны даверылі свае сем’і, радасці і смутак найлепшай Маці, якая агортвае сэрцам кожнага.
Яны вярталіся дадому, каб быць сапраўдным прыкладам хрысціянскага жыцця і апосталамі ў сваіх сем’ях, сваім прыкладам паказваць членам сям’і шлях да сапраўднага шчасця.
JM
Фота Віталія Гурца