30 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе, дзе ўзначаліў святую Імшу. Нагодамі для наведвання гэтай парафіяльнай супольнасці сталі асвячэнне адноўленага старадаўняга галоўнага алтара ў святыні і ўдзяленне групе вернікаў сакрамэнту канфірмацыі.
Славуты старажытны галоўны алтар, які ў апошні час быў грунтоўна адноўлены дзякуючы старанням пробашча парафіі кс. Яна Сарэлы, быў выкананы ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі ў 1634-1639 гг. (або каля 1640-1644 гг.) з фундацыі Казіміра Сапегі.
На першым узроўні паміж чатырма калонамі знаходзіцца абраз Укрыжавання ў атачэнні вялікіх фігур св. Яна Хрысціцеля (апекуна касцёла) і св. Казіміра (апекуна фундатара). Некалькі ўнутраных калон упрыгожаны накладной пазалочанай разьбой у форме вінаграднай галінкі, над калонамі знаходзяцца рознакаляровыя фігуры св. Альжбеты Венгерскай і св. Малгажаты.
Падчас Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч маліўся асаблівым чынам за ўсіх ахвярадаўцаў адноўленага алтара, за прымаючых сакрамэнт канфірмацыі і за ўсю парафіяльную супольнасць.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што сёння людзі маюць патрэбу ў большым пазнанні Езуса Хрыста, які ёсць адзіны Адкупіцель чалавека. Святар дадаў, што трэба кожны дзень распазнаваць Хрыста, які хоча, каб людзі любілі і шанавалі Яго.
Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі, кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што трэба паставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця, каб добра споўніць сваё пакліканне і належным чынам пражыць жыццё.
Вернікі парафіі, якія былі ў гэты дзень узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, абавязаліся высакародна ўключацца ў належнае перажыванне хрысціянства і быць адважнымі вызнаўцамі Хрыста.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў вернікам за дар супольнай малітвы і за “гэты сучасны Вячэрнік, якім стала парафіяльная святыня”. Іерарх папрасіў маладых людзей добра выкарыстаць час маладосці, які з’яўляецца перыядам станаўлення сталым чалавекам.
Біскуп заклікаў вернікаў у месяцы маі часта звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі. Іерарх дадаў, што з надыходам мая, які пабожнасць вернікаў ужо даўно прысвяціла Багародзіцы Марыі, калі душы напаўняюцца радасцю, мы бачым узрушальнае відовішча веры і любові – вернікі збіраюцца не толькі ў касцёлах, але і вакол прыдарожных каплічак і дома, каб спевам славіць Найсвяцейшую Панну Марыю, аддаючы Ёй пашану і любоў.
„Перадайце гэты прыгожы маёвы звычай наступным пакаленням. Перадайце гэты вялікі скарб, якім з’яўляецца вера, сваім дзецям і ўнукам”, - сказаў біскуп.
JM
Фота Ірыны Амяльянчык