Skip to main content

Два новыя святары ў Гродзенскай дыяцэзіі: святарства - гэта дар для адважных людзей

novaprezbitery 929 красавіка ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe двом навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Новымі прэзбітэрамі Гродзенскай дыяцэзіі сталі кс. Андрэй Белаблоцкі і кс. Анджэй Ганчар.

"Няхай ваша навука будзе пасілкам для народу Божага"

Ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, родныя новапрэзбітэраў і шматлiкiя вернiкi. Кандыдатаў прадставіў біскупу Аляксандру Кашкевічу рэктар семiнарыi кс. Раман Рачко.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў вернікам і кандыдатам да пасвячэння сутнасць служэння прэзбітэраў. Як адзначыў іерарх, святары з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупаў, яны злучаны з біскупамі ў святарскім служэнні і пакліканы служыць народу Божаму.

"З моманту прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння ў імя Хрыста Настаўніка вы будзеце спаўняць служэнне навучання сярод давераных вам, - сказаў біскуп, звяртаючыся да кандыдатаў. - Няхай ваша навука будзе пасілкам для народу Божага, няхай святасць вашага жыцця стане крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста. Такім чынам вы словам і прыкладам будзеце будаваць дом Божы, гэта значыць Касцёл".

"З нястомнай радасцю і сапраўднай любоўю спаўняйце служэнне Хрыста Святара, не шукаючы ўласнай карысці, але Яго хвалы", - дадаў іерарх.

"Гэта вялікі і незразумелы дар, якога ніхто не заслугоўвае"

Пасля гаміліі біскупа кандыдаты да пасвячэння склалі абяцанні, праз якія ўзялі абавязак вернага выканання святарскага служэння, пільнага і мудрага служэння Слова, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў для асвячэння народу, малітвы і цеснага яднання з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром.

novaprezbitery 12

На заканчэнне св. Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч дадаў, што новапасвечаныя святары праз сакрамэнтальнае ўскладанне рук атрымалі ўдзел у адзіным і вечным святарстве Хрыста.  

"Гэта вялікі і незразумелы дар, якога ніхто не заслугоўвае. Гэты дар удзяляе сам Езус тым, каго ён выбірае і кліча, хто мае адвагу даць пазітыўны адказ на Яго заклік", - дадаў іерарх, адзначаючы, што гэты дар прызначаны для ўсёй супольнасці Касцёла.

Словы глыбокай і шчырай удзячнасці біскуп Кашкевіч скіраваў да бацькоў новапрэзбітэраў, якія сталі выхавацелямі і сведкамі веры, прыкладам хрысціянскага жыцця.

"Гэта плён Вашага жыцця, Вашай ахвярнай працы і Вашых шчырых малітваў", - дадаў біскуп Гродзенскі.

У сваю чаргу новапасвечаным святарам ардынарый пажадаў, каб сваю паслугу яны выконвалі як мага лепш, з запалам і адданасцю, памятаючы, што служачы чалавеку, яны выконваюць волю самога Хрыста.

"Будзьце моцныя ў веры, паглыбляйце ў сабе любоў да Езуса і Касцёла, будзьце для кожнага чалавека відавочным знакам прысутнасці і міласэрнай любові Уваскрослага Пана", - дадаў біскуп Аляксандр.

novaprezbitery 13

Перад днём пасвячэння будучыя прэзбітэры прынялі ўдзел у рэкалекцыях, якія непасрэдна падрыхтaвалі іх да гэтай важнай падзеі. Рэкалекцыі праводзіў а. Юрый Саковіч OSPPE у Карэлічах.

Ксёндз Андрэй Белаблоцкі нарадзіўся 16 чэрвеня 1990 года. Паходзіць з катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Ксёндз Анджэй Ганчар нарадзіўся 18 верасня 1991 года. Паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Тэкст: кс. Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла