У нядзельную велікодную раніцу вернікі Гродна выйшлі на вуліцы свайго горада, каб засведчыць, што Пан сапраўды ўваскрос, што Яго няма ў грабніцы і што смерць ужо не мае над Ім улады. Званы каталіцкіх гродзенскіх святынь, у гэтым годзе разам са званамі святынь праваслаўных, з самага ранку абвясцілі ўсім людзям гэтую праўду.
Ва ўваскрослым Хрысце становімся адзіным цэлым
Галоўную ўрачыстую Імшу ў нядзелю Уваскрасення Пана і рэзурэкцыйную працэсію ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На малітве ў гэты выключны ва ўсім літургічным годзе дзень сабраліся шматлікія вернікі. Гэты дзень з’яўляецца своеасаблівым ажыўленнем людзей, якія, прыходзячы ў касцёл, нагадваюць сабе пра сваё канчатковае прызначэнне і пра тое, што ў жыцці павінна быць найважнейшым.
Звяртаючыся ў гаміліі да вернікаў, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “У бягучым годзе Вялікдзень асабліва красамоўны, бо ўсе хрысціяне – католікі, праваслаўныя і пратэстанты – адзначаюць яго ў той самы дзень,iяго трэба ўспрыняць як напамін аб тым, што, нягледзячы на адрозненні, якія існуюць паміж хрысціянамі, ва ўваскрослым Хрысце мы становімся адзіным цэлым”.
Па словах іерарха, велікодныя святы нясуць усім людзям радасць, якая паходзіць найперш з пустой грабніцы Езуса Хрыста.
„Сёння ў літургіі і ў слове Святога Пісання прамаўляюць да нас з адлегласці двух тысячагоддзяў самі сведкі, мужчыны і жанчыны, якія бачылі пустую грабніцу і сустрэлі Хрыста Уваскрослага”, - дадаў біскуп.
Уваскрасенне змяняе перспектывы чалавечага жыцця
Гродзенскі ардынарый адзначыў, што Уваскрасенне Хрыста не толькі напаўняе радасцю і супакоем, але і цалкам змяняе перспектывы чалавечага жыцця.
„У нашых сэрцах схавана надзея новага жыцця – таго, якое з’яўляецца дарам Хрыста Уваскрослага. Жывучы гэтай надзеяй, “будзем шукаць таго, што ў вышынях”, як кажа святы Павел. Гэта азначае, што мы павінны шукаць найперш самога Хрыста і Яго Евангелле”, - патлумачыў біскуп.
Іерарх адзначыў, што гэтая ўрачыстасць скіроўвае запрашэнне да кожнага чалавека. “Уваскрасенне Хрыста – гэта запрашэнне, каб мы сапраўды сур’ёзна пачалі трактаваць Яго навучанне”, - сказаў біскуп, дадаўшы, што гэтае навучанне часам можа здавацца занадта жорсткім, патрабавальным, нязручным, не пасуючым да сённяшніх часоў.
„Мы не можам сумнявацца ў навучанні Хрыста, не павінны баяцца жыць паводле Евангелля, нам нельга збочваць з дарогі крыжа, бо ў яе канцы нас чакае радасць уваскрасення”, - падкрэсліў іерарх.
На заканчэнне супольнага святкавання велікоднай раніцы біскуп пажадаў дыяцэзіянам, каб велікодныя святы былі благаслаўлёным часам для кожнага.
Пасля літургіі ўдзельнікі вярнуліся дадому, каб у коле сваіх сем’яў спажываць велікодны сняданак і вачыма веры ўзірацца ў сапраўдную Айчыну, якая ёсць у небе і аб якой нагадваюць велікодныя святы.
Заахвочаныя словамі свайго біскупа, яны вярнуліся, каб жыць прыгожа і высакародна, як вучыў нас Збаўца. Каб прабачаць, нягледзячы на тое, што, магчыма, не раз сустракаюцца з нянавісцю; радавацца, нягледзячы на смутак; спяшацца з дапамогай да сваіх бліжніх, нават калі яны не аддзячваюць, і паміраць для граху кожны дзень, каб разам з Хрыстом паўстаць да новага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая