Урачысты бой званоў у гродзенскім касцёле св. Франіцшка Ксаверыя змяніўся суровым і журботным гучаннем драўляных ляскотак. Гэта адзін з сімвалаў таго, што вернікі перажываюць галоўную падзею Вялікага чацвярга - Імшу Вячэры Пана. Эўхарыстыя нагадвае пра развітальную сустрэчу Хрыста са сваімі вучнямі - Апошнюю Вячэру - і прадвесце ахвяры.
Св. Імшу ў галоўнай святыні горада ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ардынарый нагадаў вернікам, што ў Вялікі чацвер, ва ўспамін устанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі, Езус асаблівым чынам прагне заспакоіць голад сэрцаў. "Не зважайце на вашыя клопаты і смутак. Памятайце, што побач заўсёды Той, Хто хоча зрабіць вас шчаслівымі. Дастаткова толькі прыняць Яго", - адзначыў іерарх.
Гамілію падчас св. Імшы прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, які таксама засяродзіў увагу прысутных на Таямніцы Эўхарыстыі. "Падчас Апошняй Вячэры Езус пакінуў апосталам бясцэнны дар. Вучні спачатку не зразумелі Яго, але пачалі паўтараць за Ім. Так нарадзілася Эўхарыстыя, якая будзе цэлебравацца да канца свету.
Збаўца пакінуў гэты дар не для таго, каб мы яго спасціглі, але для таго, каб мы паверылі. На Эўхарыстыю трэба глядзець вачыма веры і любові, тады ў сэрцах будуць адбывацца сапраўдныя цуды", - падкрэсліў святар.
Пасля літургіі галоўнае месца ў святыні - алтар - пакінулі без абрусу, свечак і ўпрыгожванняў. Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў капліцу адарацыі, якая сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту.
Вернікі пагрузіліся ў разважанні над мукамі Хрыста і чаканне спаўнення клятвы Уваскрасення.
AM
Фота: Вольга Сяліцкая