2-4 красавіка ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Міхалішках (Астравецкі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Для парафіян гэта быў асаблівы час ласкі, калі яны мелі магчымасць аднавіць сваё духоўнае жыццё і выправіць няправільныя ўчынкі. Тры дні вернікі трывалі на малітве, слухалі Божае слова і прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
Рэкалекцыйныя навукі скіраваў да парафіян кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Святар нагадаў вернікам пасланне Маці Божай з Фацімы, якая заклікала да малітвы, навяртання і пакаяння.
Кажучы пра малітву, кс. Юрый узгадаў пра штодзённае практыкаванне ружанцовай малітвы, прамаўляць якую просіць сама Панна Марыя. Святар адзначыў, што духоўнае жыццё павінна быць пастаянным навяртаннем да Бога, працэсам, які павінен працягвацца ад нараджэння да смерці.
Таксама святар заахвоціў вернікаў да пакаяння, да чаго сто гадоў таму заклікала Маці Божая ў Фаціме.
Ксёндз Юрый Марціновіч звярнуў увагу, што пасланне з Фацімы, якое Панна Марыя перадала маленькім пастухам, актуальнае і сёння і скіравана да ўсіх сучасных людзей.
Пробашч парафіі кс. Анатоль Захарэўскі адзначыў, што час рэкалекцый быў асаблівым для вернікаў. У гэты час шмат людзей мела магчымасць паяднацца з Богам у сакрамэнтальнай споведзі і магчымасць глыбокага разважання над Божым словам. Пробашч выказаў надзею, што сёлетнія велікапосныя рэкалекцыі прынясуць духоўны плён у штодзённым жыцці вернікаў.
У гэты ж час рэкалекцыйныя разважанні і магчымасць прыступіць да сакрамэнтаў былі ў вернікаў парафій у Клюшчанах і Жукойнях-Жалядскіх, якія абслугоўвае кс. Захарэўскі.
Такім чынам з адноўленым сэрцам і ўзмоцненай верай парафіяне Міхалішак, Клюшчан і Жукойняў-Жалядскіх чакаюць урачыстасці Уваскрасення Пана.
JM