
Наведванне Дома апекі ў Пышках пад Гродна сталася ўжо шматгадовай традыцыяй. Яе ініцыятарам быў кс. Аляксандр Шэмет, пробашч парафіі Гродна-Аўгустовак. Таму і сёлета 19 снежня дзеці, моладзь і валанцёры на чале з Ксяндзом Пробашчам адправіліся ў Пышкі, каб падзяліцца з самотнымі і хворымі радасцю ад Нараджэння Божага Сына. Сустрэча распачалася батлейкай, якую падрыхтавалі дзеці пад кіраўніцтвам катэхеткі с. Людмілы. Потым мы паламаліся аплаткай з тымі, хто прысутнічаў у зале, а хворым, якія не змаглі прыйсці, дзейі занеслі аплаткі ў пакоі. Каб развесяліць прысутных старых людзей і інвалідаў, мы спявалі калядныя песні, раздалі прывезеныя з сабой ласункі і зробленыя намі святочныя паштоўкі. Хвіліны, праведзеныя ў Доме апекі, прынеслі шмат радасці не толькі яго падапечным, але таксама і нам, таму што любоў памнажаецца, калі ёю дзеляцца.