Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр у сваім лісце, скіраваным на імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, дзякуе іерархам, святарам, семінарыстам, сёстрам законным і вернікам Гродзенскай дыяцэзіі за “прыём, поўны незвычайнай цеплыні”, падчас яго візіту ў Гродна.
“Цяжка знайсці патрэбныя словы, каб выразіць вам маю ўдзячнасць за ваш прыём, поўны незвычайнай цеплыні, шчодрай гасціннасці і радасці сустрэчы ў адной вялікай Божай сям’і!
Прагну праслаўляць нашага Пана за вас, за ўсе ласкі, якія Ён спасылае на гэту зямлю, і разам з Марыяй паўтараю Яму ў сэрцы:
«Велічае душа мая Пана, за моц і сталасць веры католікаў Гродзеншчыны і радасць яе свабоднага вызнавання і сведчання.
І ўзрадаваўся дух мой у Богу…, бо я пазнаў і ўбачыў сваімі вачыма вялікі цуд, які Бог здзейсніў і працягвае здзяйсняць на гэтай пакутнай і мужнай зямлі.
Бо вялікае ўчыніў Усемагутны, а імя Яго святое. Гэта цуд вернасці і веры вашых бабуль і дзядуляў. Яны захавалі і перадалі вам тое, што самі лічылі самым каштоўным: веру ў Бога і любоў да Яго, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Пустыня і галеча атэізму расквітнела багаццем веры новых пакаленняў! Беражыце гэты дар, клапаціцеся пра яго, перадавайце вашым дзецям, сябрам, знаёмым. А Бог Усемагутны будзе з вамі, як быў з вашымі бабулямі і дзядулямі. (пр. Лк 1 46-47, 49-50)».
Я з радасцю перадам Святому Айцу тое, што ўбачыў, буду сведкам вашай любові да Бога і Касцёла і абавязкова раскажу яму пра вашае вялікае жаданне сустрэцца з Папам у Беларусі!
За ўсіх вас дзякую Богу і яшчэ раз благаслаўляю!” – піша Апостальскі Нунцый.
Арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў Гродна 4-6 сакавіка. Падчас візіту іерарх сустрэўся з духавенствам і вернікамі дыяцэзіі, навучэнцамі і выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі і катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі, са студэнтамі-іншаземцамі. Таксама адбылася сустрэча з праваслаўным архіепіскапам Арцеміем і са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Гэта быў першы візіт арцыбіскупа Пінтэра ў Гродзенскую дыяцэзію.