5 сакавіка, на заканчэнне другога дня свайго візіту ў Гродна, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з малітоўнымі групамі і рэлігійнымі рухамі, якія дзейнічаюць у Гродне. Сустрэча прайшла ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Малітоўныя групы сваімі малітвамі і часта цярпеннем падтрымліваюць Касцёл, каб ён мог рэалізаваць сваё пасланніцтва. Рэлігійныя рухі між іншым маюць евангелізацыйны характар. Яны спрыяюць узрастанню Касцёла і павелічэнню веры ў людзях.
Сустрэча Апостальскага Нунцыя з малітоўнымі групамі і рэлігійнымі рухамі
На сустрэчы прысутнічала моладзь акадэмічнага душпастырства “OPEN”, удзельнікі евангелізацыйнага курсу “Альфа”, члены Францішканскага ордэну свецкіх, прадстаўнікі апостальства “Маргарыткі”, члены душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў і службы аховы здароўя, члены Апостальства дапамогі чысцовым душам, каталіцкія скаўты, а таксама прадстаўнікі новастворанай малітоўнай групы ў Гродне “Бацькі ў малітве за сваіх дзяцей”.
У сваім слове да прысутных Апостальскі Нунцый сказаў, што ў межах візіту на Гродзеншчыну сустрэча з душпастырскімі і малітоўнымі групамі з’яўляецца для яго прыярытэтнай. “Бо вы – сапраўднае багацце гродзенскага Касцёла, вы – яго сэрца”, - дадаў іерарх.
“Гледзячы на вас, бачу, што Каталіцкі Касцёл мае будучыню, - адзначыў арцыбіскуп. – Не бойцеся быць шчодрымі з Богам, бо ў Яго шчодрасці яшчэ ніхто не перамог і, напэўна, не пераможа”.
“Мой візіт да вас – гэта не інспекцыя, не экзамен, але прагненне айца парадавацца дасягненням сваіх дзяцей, жаданне разам паглядзець на клопаты, якія турбуюць вас, - падкрэсліў іерарх. – Гэта імкненне стварыць магчымасць наладзіць жывую лучнасць са Святым Айцом. Таму запрашаю вас падзяліцца цеплынёй вашых сэрцаў, а я пры першай магчымасці перадам яе Папу Францішку”.
Затым кожная супольнасць магла коратка прэзентаваць сваю малітоўную групу ці рух. Прадстаўнікі Францішканскага ордэну свецкіх, які з’яўляецца своеасаблівым малітоўным войскам Гродзенскай дыяцэзіі, запэўнілі Нунцыя, што ў сваёй малітве заўсёды памятаюць пра Святога Айца Францішка.
Прадстаўнікі апостальства “Маргарыткі” ўручылі арцыбіскупу “маргарытку” і адзначылі, што з гэтай хвіліны жадаюць кожны дзень падтрымліваць у сваёй малітве яго служэнне.
Прадстаўнікі душпастырства “OPEN” сказалі, што хочуць далей перадаваць веру, якая з’яўляецца вялікім скарбам чалавека. Каталіцкія скаўты запэўнілі Нунцыя, што іх гарачыя сэрцы заўсёды гатовыя служыць Богу і людзям.
На заканчэнне сустрэчы прадстаўнік Святога Айца падзякаваў за гэты супольна праведзены час, падкрэсліўшы, што Касцёлам з’яўляюцца людзі і што гэта яны яго ўтвараюць.
Таму іерарх заклікаў прысутных старацца будаваць гэты Касцёл і быць адкрытымі на іншых, на ўсіх людзей. “Езус жадае праз вас ісці да ўсіх”, - дадаў арцыбіскуп, заахвоціўшы далей адважна сведчыць аб Хрысце і ніколі не страчваць адвагі.
Сустрэча завяршылася супольнай малітвай і апостальскім благаслаўленнем.
JM
Фота: Ангеліна Пакачайла