5 сакавіка арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў парафію Божай Міласэрнасці ў Гродне, дзе сустрэўся з вернікамі. На сустрэчу з прадстаўніком Папы прыйшлі шматлікія парафіяне, у тым ліку дзеці і моладзь.
Вернікі з вялікай радасцю віталі Апостальскага Нунцыя, які прыбыў да іх, каб перадаць папскае благаслаўленне.
Вітаючы іерарха, пробашч парафіі кс. Ян Этэль SCJ сказаў, што вернікі гэтай парафіі вельмі шчыра моляцца ў інтэнцыі Папы Францішка, каб яго нага ступіла на беларускую зямлю. Таксама святар падзякаваў Нунцыю за тое, што ён падчас свайго візіту на Гродзеншчыну захацеў наведаць гэты касцёл, каб умацаваць парафіян у веры.
“Што мы пакінем наступным пакаленням?”
Звяртаючыся да вернікаў, прадстаўнік Святога Айца адзначыў, што вельмі ўдзячны арганізатарам яго візіту ў Гродна за тое, што яны запланавалі ў тым ліку наведванне гэтай парафіі. “Тое, што я бачу, напаўняе маё сэрца радасцю і надзеяй, – сказаў арцыбіскуп. – Жывая, маладая парафія – гэта сапраўды прычына для радасці. Гэта азначае, што Касцёл мае будучыню. Але гэта таксама і адказнасць”.
“Ваша прысутнасць тут – гэта заслуга вашых бацькоў і прадзедаў, якія, нягледзячы на пераслед, змаглі захаваць і перадаць веру ў Бога”, - дадаў Нунцый у звароце да парафіян. Па словах іерарха, ужо сёння варта паставіць сабе пытанне: “А што мы пакінем пасля сябе, што мы перададзім наступным пакаленням?”
“Сёння вернік сам павінен зрабіць выбар, як яму жыць”
“У нашыя часы ў Беларусі ніхто адкрыта не пераследуе Касцёл. Аднак з’явіліся новыя выпрабаванні, не менш цяжкія. Сёння, у свеце ўсёдазволенасці і разбэшчанасці, вернік сам павінен зрабіць выбар, як яму жыць: як вучню Хрыста ці «як жывуць усе»”, - заўважыў арцыбіскуп.
“Тое што я нарадзіўся ў каталіцкай сям’і, тое, што мяне ахрысцілі, тое, што я вучыўся на занятках па рэлігіі, яшчэ не азначае, што я сапраўды прыняў Хрыста, як майго Збаўцу і адзінае сапраўднае шчасце майго жыцця, - падкрэсліў Апостальскі Нунцый. – Гэты выбар – не плён імправізацыі ці спантаннасці, але вынік асабістых, глыбокіх, жывых і адказных адносін з Богам, у Якім я бачу свайго любячага Айца”.
Іерарх пажадаў вернікам, каб традыцыйныя велікапосныя духоўныя практыкі – пост, малітва, міласціна, Крыжовы шлях, Песні жальбы – сталі “нашым шчырым і свядомым адказам любові на бясконцую любоў Бога”.
(JM), (AG)
Фота: кл. Дзмітрый Малец