Рэкалекцыі аб пакліканні для дзяўчат прайшлі з 11 па 12 лютага ў салезіянскім араторыі св. Яна Боско ў Смаргоні. На сустрэчы пад дэвізам "Пакліканыя да любові" сабралося каля 30 чалавек з розных куткоў Беларусі.
Галоўная тэма для роздуму, якую прапанавалі дзяўчатам сёстры салезіянкі, гучала "Служэнне як дар". Сабраныя разважалі над сваім прызначэннем у жыцці, збіраліся на супольнай малітве і адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант. Акрамя гэтага дзяўчаты бавілі час, выконваючы розныя заданні ў групах, глядзелі тэматычныя фільмы і ўдзельнічалі ў гульнях.
"На падобных рэкалекцыях я прысутнічала ўпершыню. Адкрыла для сябе новае малітоўнае паняцце - пустыня. Гэта асаблівы момант, калі кожны ў адзіноце і цішыні можа паразважаць над пачутым падчас канферэнцый і адказаць на пытанні, якія раней нават не адважваўся сабе задаць.
Гэтае спатканне стала для мяне прыкладам таго, як можна весела і з карысцю правесці час. І галоўнае, што вынесла для сябе: служэнне — гэта сапраўды велізарны дар", - адзначыла адна з удзельніц духоўных разважанняў Кацярына Ількевіч.
АМ