Skip to main content

Прэс-канферэнцыя з Ксяндзом Кардыналам Зянонам Грахалеўскім

    Гэтая сустрэча адбылася 7 снежня ў актавай зале імя Яна Паўла II Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Вось некаторыя пытанні журналістаў і адказы Ксяндза Кардынала Зянона Грахалеўскага

    - Як Ваша Эмінэнцыя ацэньвае адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржаўнай уладай у Беларусі?  
   - Тры гады таму я быў у Міністэрстве адукацыі ў Мінску і размаўляў на гэтыя тэмы. Я заўважыў тады пэўную адкрытасць. Мы не бачым праблемы ў тым, каб дзяржава прыхільна ставілася да  Каталіцкага Касцёла ці праваслаўнай Царквы. Нам вельмі важна, каб дзяржава шанавала правы сваіх грамадзян. Правы ўсіх грамадзян. Дзяржава не кампетэнтна ў рэлігійных справах. Аднак яна абавязана паважаць правы сваіх грамадзян. Напрыклад, да гэтых праў належыць права бацькоў выхоўваць дзяцей згодна з уласным сумленнем. Так, напрыклад, пасля падзення камунізму ў Венгрыі выйшаў закон аб адукацыі, асновай якога была наступная канцэпцыя. Усе школы працуюць для дабра краіны. Дзяржава прызнае розныя напрамкі навучання. (…) Калі паўстае каталіцкая школа, гэта значыць, што яна неабходна.(…) І гэта - сапраўдная дэмакратыя. Такі наш погляд. (…) Тое, што мы хочам для католікаў, таго ж хочам для праваслаўных, буддыстаў і  прадстаўнікоў усіх іншых веравызнанняў. Я думаю, што менавіта ў гэтым напрамку будуць развівацца сувязі паміж Касцёлам і дзяржавай у Беларусі. І гэта ў адносінах не толькі да Каталіцкага Касцёла, але і Праваслаўнага, і іншых.

    - Ці Вашу Эмінэнцыю задавальняе стан каталіцкай адукацыі ў Беларусі?

  -Я вельмі задаволены ўкладам бацькоў у адукацыю сваіх дзяцей. Я радаваўся б магчымасці, напрыклад, заснавання каталіцкіх, ці праваслаўных школ. Гэта было б прызнаннем праў уласных грамадзян на выхаванне сваіх дзяцей паводле ўласнага пераканання. Каталіцкія школы паўсталі амаль ва ўсіх посткамуністычных краінах: у Польшчы, Славакіі, Чэшскай Рэспубліцы,  Венгрыі, Харватыі, Славеніі, Усходняй Германіі. Гэтыя школы аплачваюцца дзяржавай. Я ў захапленні ад Румыніі. У ёй 90 % грамадзян – праваслаўныя, а католікаў усяго 5 – 7 %. Каталіцкія школы аплачваюцца дзяржавай таксама, як і праваслаўныя. Дзяржава плаціць не з–за прыязнасці да Касцёла, а толькі таму, што прызнае дэмакратычныя правы бацькоў выхоўваць сваіх дзяцей паводле ўласных перакананняў. Я думаю, што ў гэтым напрамку будуць развівацца адносіны і з вашай дзяржавай.

    - Ці Ваша Эмінэнцыя можа прывесці прыклад супрацоўніцтва дзяржаўнага ўніверсітэта з духоўнай семінарыяй?

   -Такіх прыкладаў мноства. У Еўропе ў многіх выпадках духоўныя семінарыі з'яўляюцца тэалагічнымі факультэтамі  дзяржаўных універсітэтаў. Тое ж самае датычыць камуністычных дзяржаў. (…). Тэалагічныя факультэты існуюць ва ўніверсітэтах у Польшчы, Славакіі, Чэшскай Рэспубліцы, Харватыі, Усходняй Германіі, Славеніі. Напрыклад, такі цікавы казус: мяне запрасіў рэктар універсітэта з Прагі, атэіст, каб я расказаў пра ролю тэалагічнага факультэта ў дзяржаўным універсітэце. І гэты рэктар моцна абараняў тэалагічны факультэт. У Румыніі 90 % праваслаўных. Ва ўсіх найважнейшых універсітэтах гэтага краю існуе факультэт не толькі праваслаўнай, але і каталіцкай тэалогіі. Я выступаў у трох універсітэтах Румыніі. Іх рэктары – заўсёды праваслаўныя, як і большасць прафесароў. Больш за тое, я атрымаў званне ганаровага доктара навук у трох універсітэтах Румыніі. І мы радуемся такому супрацоўніцтву, бо яно ідзе на карысць і ўніверсітэту, які адкрыты на ўсялякі абмен ведамі, і Касцёлу, які вымушаны адказаць на праблемы сучаснага свету ў галіне тэалогіі.

   - Калі я не памыляюся, Праваслаўная Царква  праводзіць у некаторых школах заняткі па рэлігіі ў рамках дабравольных факультатываў. Што Ваша Эмінэнцыя думае наконт таго, каб увесці такую каталіцкую адукацыю?

    - Я думаю, што гэта было б нармальнай справай. Чаму? Выхаванне маладога пакалення не асноўваецца толькі на перадачы ведаў, але на выхаванні і адукацыі ўсёй індывідуальнасці.  Скажу, можа, жорстка: дасягненні ведаў і навукі могуць быць выкарыстаны для дабра або для зла. Сапраўды, навуковыя дасягенні ў многіх выпадках былі выкарыстаны для зла: войнаў, тэрарызму, несправядлівасці. Недастаткова перадаць веды, трэба так фарміраваць чалавека, каб ён хацеў і ўмеў выкарыстаць свае  веды для дабра, а не для зла. І таму школа павінна дапамагаць гэтаму поўнаму фарміраванню чалавека. Гэтаму садзейнічае павага да волі бацькоў у дачыненні да выхавання дзіцяці паводле ўласных перакананняў. Ва ўсіх посткамуністычных краінах пасля падзення камунізму рэлігія вярнулася ў школы. І настаўнікам рэлігіі плаціць дзяржава. І я думаю, што гэта нармальна.

   - Як, на думку Вашай Эмінэнцыі, павінны выглядаць такія заняткі, каб яны былі талерантныя?
   
  - У дзяржаўнай школе на ўрокі каталіцкай рэлігіі будуць прыходзіць католікі, а праваслаўныя – на ўрокі па праваслаўнай рэлігі. Іншая праблема (вельмі складаная), калі ідзе размова пра каталіцкую школу. У такую школу прыходзяць таксама некатолікі. І што тады? У гэтых школах паважаюць свабоду веравызнання, свабоду рэлігіі. Нельга нікога прымушаць стаць католікам. Рэлігія можа быць выбарам толькі ўласнага сумлення. З другога боку, каталіцкая школа, не змушаючы нікога да прыняцця каталіцызму, перадае каталіцкія каштоўнасці. І  я думаю, што правільна пазіцыя.


    Ксёндз Кардынал размаўляў з журналістамі каля 50 хвілін. На заканчэнне сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі памаліліся – кожны на сваёй мове – малітвай "Ойча наш…".