Skip to main content

Сустрэча з моладдзю г. Гродна

    Вечарам 7 снежня ў Пабрыгіцкім касцёле Яго Эмінэнцыя Ксёндз Кардынал Зянон Грахалеўскі цэлебраваў св. Імшу для моладзі г. Гродна. У сваім казанні Ксёндз Кардынал наблізіў сабраным у святыні таямніцу веры і растлумачыў, што веру можна і трэба развіваць на працягу ўсяго жыцця.
    Св. Імшу адправілі: ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, ксёндз Антоній Грэмза, душпастыр Душпастырства студэнтаў г. Гродна, кс. Ян Саламон, рэктар семінарыі ў Пінску, кс. Юзаф Станеўскі, рэктар ВДС у Гродне і іншыя святары. Моладзь сардэчна прывітала Ксяндза Карыднала. Эўхарыстыю ўпрыгожыў спеў музычнага калектыву душпастырства "Open", а таксама працэсія з дарамі, чытанне Божага слова і спеў псалмаў.
   Пасля св. Імшы гродзенская моладзь пазнаёміла Ксяндза Кардынала з дзейнасцю Душпастырства студэнтаў. Потым быў час для размовы з Яго Эмінэнцыяй. Моладзь задавала пытанні пра дзяцінства і маладосць Ксяндза Кардынала, яго пакліканне да святарскай службы. Некалькі пытанняў датычыла супрацоўніцтва Ксяндза Карыднала з Божым Слугой Янам Паўлам II. Ксёндз Кардынал расказаў пра тое, як неўзабаве пасля выбару Яна Паўла II папам быў запрошаны на Імяніны да кс. Станіслава Дзівіша, дзе сустрэўся з новаабраным Папам.
    Сустрэча з Ксяндзом Кардыналам Зянонам Грахалеўскім была для гродзенскай моладзі вельмі цікавай і плённай.