Кардынал Зянон Грахалеўскі
Прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі
НАВІЗНА ХРЫСТОВАГА СВЯТАРСТВА
Лекцыя, прачытаная з нагоды 20-годдзя Духоўнай Семінарыі ў Гродне (Беларусь)
Гродна, 7 снежня 2010 г.
Эксцэленцыя Ксёндз Біскуп Ардынарый,Эксцэленцыі,
Ксёндз Рэктар Духоўнай Семінарыі,
Шаноўныя Прафесары, Мадэратары,
Прадстаўнікі Улад,
Алюмны і ўсе прысутныя на гэтай урачыстасці.
Уступ
1.Ужо ў трэці раз я з вялікай радасцю прыбыў у вашу Вышэйшую духоўную семінарыю, гэтым разам з нагоды 20-годдзя яе паўстання пасля вельмі доўгага перыяду немагчымасці навучання святароў у Беларусі. Існаванне вашай семінарыі і яе дзейнасць, істотныя ў перспектыве рэалізацыі місіі, даручанай нам Хрыстом, з'яўляюцца для мяне – як каталіцкага Біскупа і Прэфекта Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі – вялікай радасцю.
Таму што семінарыя з'яўляецца самай важнай установай дыяцэзіі. Яна – сэрца кожнай дыяцэзіі. У ёй адбываецца найбольш значная для Касцёла адукацыя. У ёй падрыхтоўваюцца клерыкі да найпрыгажэйшай працы: весці людзей да найвялікшага дабра, да Бога; падрыхтоўваюцца алюмны да ўзбагачэння свету Богам. Што ж можа быць больш цудоўным! Ад іх, будучых святароў, у большай ступені будзе залежыць будучыня Касцёла: ад іх падрыхтоўкі, ад іх любові да Бога і бліжняга, ад іх святасці, ад іх апостальскай палкасці.
Таму я ўдзячны Пастыру дыяцэзіі, Яго Эксцэленцыі Біскупу Аляксандру Кашкевічу, за запрашэнне. Я хацеў бы, каб мая прысутнасць успрымалася як выраз прызнання для Вашай працы і заахвочванне да нешкадавання сіл для таго, каб гэтая семінарыя ўвесь час развівалася: і з пункту гледжання колькасці алюмнаў, і – перад усім – саліднасці фармацыі будучых святароў, здольных з адвагай і энтузіязмам прыняць выклікі новай евангелізацыі. Таму што ў гэтай галіне цалкам спраўджваецца правіла, паводле якога "той, хто не ідзе наперад – адступае".
2.У Апостальскай Адгартацыі Яна Паўла II Pastores dabo vobis, якая датычыць менавіта фармацыі святароў у сучасным свеце, чытаем: "тое, што ў святары з'яўляецца істотным, застаецца нязменным, таму што ў будучым таксама, як і сёння, ён павінен быць падобны да Хрыста. […] Гэтак жа [у двухтысячных гадах] святарскае пакліканне будзе заклікам да перажывання адзінага і нязменнага святарства Хрыста"[1]. Менавіта гэтае адзінае святарства Хрыста ў аспекце навізны, якую Езус прынёс у свет, і з'яўляецца тэмай разважання, якое я хацеў бы сёння прапанаваць.
У маім сённяшнім рэфераце з нагоды юбілея семінарыі я хацеў бы паставіць фундаментальнае пытанне, якое мае моцнае практычнае значэнне: ці спосаб разумення хрысціянскай супольнасцю Хрыстовага святарства, у якім удзельнічаюць яго распарадчыкі, сапраўды з'яўляецца навізной у гісторыі збаўлення і ў дачыненні да язычніцкіх культаў, існуючых на тых тэрыторыях, дзе ў першых стагоддзях развівалася хрысціянства? У сваіх разважаннях я абмяжуюся амаль выключна параўнаннем Хрыстовага святарства са святарствам Старога Запавету, які з'яўляецца ў нейкім родзе фонам і падрыхтоўкай да той вялікай падзеі, якой было Аб'яўленне Хрыста. Таму што разважанне такога роду дазволіць у адным сказе заключнай высновы вылучыць слабую ці ўвогуле хоць якую-небудзь сувязь хрысціянскага святарства з рознымі формамі святарства язычнікаў.
3. Свой адказ на пастаўленае пытанне пачну ад пэўнай заўвагі. Хрысту прыпісваюць шмат тытулаў, якія маюць свае карані ў жыцці і тэалагічнай рэфлексіі Ізраіля: настаўнік, прарок, Сын Давіда, Сын Чалавечы, Месія, Гасподзь, Божы Сын. Аднак Евангеллі ніколі не надаюць Хрысту тытула святара ці найвышэйшага святара. Гэты факт здзіўляе, тым больш, калі мы прыгадаем, што ў часы Хрыста і наступныя дзесяцігоддзі ў Іерусаліме была святыня, а значыць, былі святары (пакаленне Левія[2], а таксама абраны народ былі прызнаны "святарскім каралеўствам, святым народам"[3]), і калі возьмем пад увагу, што, асабліва дзякуючы дзейнасці св. Паўла, Евангелле вокамгненна распаўсюдзілася ў грэка-рымскім асяроддзі, у якім квітнеў політэізм і было шмат святароў. Першыя хрысціянскія супольнасці не маглі не ведаць гэтай рэчаіснасці. Як жа ж тады патлумачыць факт, што Евангеллі не прыпісалі Езусу – аніякім чынам - тытула святара?
Гэта датычыць таксама і св. Паўла. Чаму св. Павел звязаў смерць Езуса з пасхальнай ахвярай (1 Кар 5,7), з ахвярай пакутуючага слугі (Флп 2, 6-11) або днём упрашэння (Рымл 3, 24 н), але ніколі не прыпісаў Езусу тытула святара?
Святарства Хрыста – новай рэчаіснасцю
4. Першы адказ на пастаўленае пытанне мы можам знайсці ў рэфлексіі а. Альберта Ван Хо, езуіта, вядомага ўсім нам бібліста, у цяперашні час – кардынала. Паводле гэтага аўтара, таямніца Хрыста явілася як такая навізна, якая, на першы погляд, не была святарствам. У сваёй кнізе "Навізна святарства Хрыста" ён робіць выснову: "Адсутнасць святарскіх тэрмінаў ясна паказвае на ўсведамленне з боку першаснага Касцёла так моцнай навізны, што немагчыма было ў першы момант выразіць яе даўнімі паняццямі. Неабходнай была радыкальная распрацоўка па-новаму паняцця святарства, каб было магчымым яго прымяненне да таямніцы Хрыста. Гэтая распрацоўка доўжылася шмат гадоў"[4].
Трэба было de facto чакаць ажно да рэдакцыі Ліста да Гебраяў, каб знайсці ўжыванне назвы "святарства" адносна асобы і місіі Хрыста. А значыць, хрысціянская супольнасць патрабавала доўгага часу медытацыі, каб адкрыць ў жыцці і смерці Хрыста цалкам новую рэчаіснасць, новае святарства.
5. Таму неабходна прааналізаваць, хаця бы сцісла, гэтую навізну таямніцы Хрыста. Святы аўтар распачынае ліст, вызнаючы веру ў Хрыста, канчатковае Слова, якім Бог звяртаецца да чалавека, і ў Божага Сына, які мае вышэйшую за анёлаў годнасць. "Той [Сын], які з'яўляецца водблескам Яго хвалы і адлюстраваннем Яго істоты, падтрымлівае ўсё словам сваёй моцы, а ачысціўшы з грахоў, сеў праваруч Велічы на вышынях" (Гбр 1,3).
Менавіта ў гэтым месцы, упершыню ў Новым Запавеце, Езус названы "найвышэйшым святаром". Гэтая навіна мабілізуе нас да таго, каб задаць яшчэ іншае пытанне: чаму гэты тытул быў нададзены камусьці, хто напэўна не належаў ні да пакалення Левія, ні да сем'яў жрацоў? "Вядома ж, што наш Гасподзь выйшаў з пакалення Юды, а Маісей нічога не прыгадваў аб жрацах з гэтага роду" (Гбр 7, 14).
6. Пяты раздзел Ліста да Гебраяў падкрэслівае, што "кожны першасвятар, узяты з людзей, бывае ўстаноўлены для людзей у справах, што адносяцца да Бога, каб складаў дары і ахвяры за грахі"(Гбр 5,1).
Потым дадае: "і ніхто не бярэ гэтага тытула сабе сам, а толькі той, хто пакліканы Богам як Аарон" (в. 4). Беручы пад увагу гэтыя параметры, святы аўтар скіроўвае погляд на Езуса і знаходзіць у яго жыцці і смерці элементы вялікай навізны.
Такім чынам, першым аспектам навізны святарства Хрыста з'яўляецца тое, што не Ён (Хрыстос) прыпісаў сабе славу найвышэйшага святара, "але зрабіў гэта той, хто сказаў Яму: "Ты - мой Сын, я Цябе сёння нарадзіў" (Гбр 5,5). Езус не атрымаў святарства ў спадчыну, як гэта адбывалася паміж нашчадкамі Аарона, і не ўзурпіраваў яго сабе сілай або хітрасцю, але атрымаў яго ад Айца, ад Таго, які мовіў да Яго: "Ты – мой Сын, я Цябе сёння нарадзіў". Езус, спрадвечны сын Айца, будучы пасланым Айцом на свет і стаўшы чалавекам, адначасова стаў сапраўдным святаром. Такім чынам, пачаткам Яго святарства з'яўляецца Увасабленне. Гэта азначае, што Яго святарства мае не чалавечае, але божае паходжанне. Таму што Увасабленне Хрыста з'яўляецца вынікам рашэння Айца і рэалізавалася моцай Святога Духа, і робіць Езуса ў пэўнай ступені памостам, дасканалым пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Ніхто не можа перавысіць пасрэдніцтва Езуса, які ў адзінстве сваёй асобы з'яўляецца сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам.
7. Наступны элемент навізны святарства Хрыста мы адкрываем, калі аўтар Ліста – цытуючы Псалом 110, 4 – гаворыць пра Езуса: "Ты – святар на вякі па ўзоры Мельхізедэка" (Гбр 5,6). Сапраўды, святы аўтар бачыць у гэтым язычніцкім жрацы (Быцця 14,18), які "без бацькі, без маці, без радаслоўнай, не мае пачатку дзён ані канца жыцця" (Гбр 7,3), нейкую прафігуру або прадвесце вечнага святарства Хрыста. Жрацы язычніцкага культу і святары ізраільскай святыні паміралі, у той жа час Хрыстос "таму што трывае на вякі, мае бясконцае святарства. Таму можа цалкам збавіць на вякі тых, хто праз Яго збліжаецца да Бога, які заўсёды жыве, каб заступацца за іх" (Гбр 7, 24-25).
Гэты элемент – г.зн. тое, што святарства Хрыста вечнае, бясконцае – надзвычай важны для зразумення другой часткі гэтай прамовы; гэта азначае, чаму Хрыстос вечны і канчатковы, і ніхто не з'яўляецца яго нашчадкам ці наступнікам. Ён – адзіны святар новага саюза, які няспынна навучае, асвячае і кіруе Сваім Касцёлам праз пасвечаных распарадчыкаў.
8. Трэцім элементам навізны ў інтэрпрэтацыі святарскай таямніцы Хрыста, здзейсненай у Лісце да Гебраяў, з'яўляецца той факт, што Яго святарства перавышае ў дасканаласці і эфектыўнасці любое іншае. Таму што ахвяры, якія складаліся ў іерусалімскай святыні, гарантавалі толькі прававую чысціню, але не маглі знішчыць грахоў (пар. Гбр 10,11). У той жа час Хрыстос "адной толькі ахвярай на вякі зрабіў дасканалымі тых, хто асвечаецца" (Гбр 10,14).
Дзейснасць Яго ахвяры заключаецца ў тым, што Ён не ахвяраваў крыві жывёл, але ахвяраваў уласную кроў, сваё цела, уласную асобу ў акце дасканалага сыноўскага паслухмянства: "Ахвярапрынашэнні спальваннем і ахвяры за грэх не падабаліся Табе. Тады я мовіў: "Вось Я іду – у скрутку кнігі напісана пра Мяне – каб выканаў волю Тваю, Божа" (Гбр 10, 6-7). Ахвяра Езуса, распачатая ва Увасабленні і дапоўненая на крыжы, мае бясконцую вартасць, таму што з'яўляецца ахвярай Божага Сына і выкананнем збаўчага плана Айца. Таму Езус - сапраўды Найвышэйшы Святар, які праз уласную кроў увайшоў у Святое Месца, здабываючы для нас вечнае збаўленне (пар. Гбр 9,12).
Лагічна заўважае святы Ян Фішар, англійскі біскуп і мучанік XVI стагоддзя: "Святыня, у якой наш першасвятар складаў ахвяру, не была пабудаваная чалавечай рукой, але ўзнесла яе моц самога Бога. Таму што Хрыстос праліў сваю кроў перад усім светам, які з'яўляецца святыняй, узнесенай рукой Бога"[5].
9. Заканчваючы першую частку, мы можам канстатаваць, што Ліст да Гебраяў адкрывае навізну святарства Хрыста менавіта ў Яго асобе. Ён не належыць да касты святых распарадчыкаў, якія, паводле ўстаноўленага рытуалу, прыносяць ахвяры Богу ў святыні. Хрыстос, Сын Божы, з'яўляецца святаром, таму што Ён увасоблены, каб выканаць збаўчую волю Айца; Ён ахвяраваў сябе, каб дэфінітыўна знішчыць грэх; і увайшоў у Святое Месца, праліўшы ўласную кроў раз назаўсёды.
Навізна святарства ў Касцёле
10. Пасля разважання над навізной святарства Хрыста паводле Ліста да Гебраяў давайце зараз паразважаем над іншым важным пытаннем, менавіта – над навізной святарства ў Касцёле. Імпульс для нашай рэфлексіі мы знаходзім таксама ў Лісце да Гебраяў, асабліва ў тым месцы, дзе аўтар – каб абаснаваць вечнасць святарства Хрыста – прыгадвае прароцтва месіянскага Псалма 110,4: "Ты – святар на вякі (eis tтn aiфna) па ўзоры Мельхізедэка" (Гбр 7,17). Святарства Езуса, такім чынам, як і святарства Мельхізедэка, - вечнае, "без пачатку дзён, як і канца жыцця" (в.3) гэта значыць – існуе ўвесь час, што, канешне ж, не выключае магчымасці, каб Хрыстос мог мець нашчадкаў або наступнікаў у святарстве. Яго святарства не мінае.
Гэтае выключэнне ставіць нас перад праблемай абгрунтавання таго, чаму ў Касцёле, устаноўленым Хрыстом, надалей існуюць святары (прэзбітэры і біскупы), больш за тое – чаму Касцёл не мог бы існаваць без святарства, без святароў. Сапраўды, як падкрэсліў Ян Павел II, "без святароў Касцёл не мог бы перажываць перад усім гэтага паслухмянства, якое ляжыць у аснове і ўкаранілася ў самым сэрцы існасці Касцёла і яго місіі ў дзеях"[6].
11. Катэхізіс каталіцкага Касцёла, уведзены Янам Паўлам II, адкрывае нам шлях да адказу. Таму што ён вучыць, што "збаўленчая ахвяра Хрыста – адзіная, выкананая раз назаўсёды, аднак прысутнічае ў эўхарыстычнай Ахвяры Касцёла. Тое ж самае датычыць адзінага святарства Хрыста; яно праяўляецца ў службовым святарстве, не змяншаючы адзінасці святарства Хрыста: "Et ideo solus Christus est verus sacerdos, alii autem ministra eius»"http://www.katechizm.opoka.org.pl/przypisyII-2-3.htm - 2232[7].
12. Таму калі Хрыстос, адзіны Святар, робіцца прысутным у пасвечаным святары, гэта значыць, што святар, у пэўным сэнсе, з'яўляецца дзейсным знакам Яго працяглай і вечнай прысутнасці ў Касцёле. Гэта пацвярджае Ян Павел II, калі, гаворачы пра біскупаў, сцвярджае: "Біскуп, які дзейнічае ў намесніцтве самога Хрыста і ад Яго імя, становіцца ў даручаным сабе Касцёле жывым знакам Езуса, Пастыра і Абранніка, Настаўніка і Святара Касцёла"[8]. Ян Павел II паўтарае гэтую ж самую думку, гаворачы пра святароў: "Прэзбітэры з'яўляюцца, у Касцёле і для Касцёла, сакраментальнай прысутнасцю Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра"[9].
Сцвярджаючы бесперапынную прысутнасць Хрыста ў Касцёле, мы ніколі не павінны забываць аб яе збаўчай мэце: "Я сышоў з неба не для таго, каб выконваць сваю волю, але волю Таго, які мяне паслаў. Воля Таго, які Мяне паслаў, у тым, каб з усяго, што мне даў, я нічога не згубіў, але каб гэта ўваскрасіў у апошні дзень. Таму што такая воля Айца майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў вечнае жыццё. А я яго ўваскрашу ў апошні дзень" (Ян 6, 38-39). Хрыстос не перастае бесперастанна даваць вечнае жыццё праз паслугу слова, таінства і пастырскае кіраванне, якое ажыццяўляюць біскупы і прэзбітэры.
13. Давайце зробім крок наперад. Гэтае рабіцца прысутным у супольнасці хрысціян магчыма толькі на моцы сакраманту. Папа Бенедыкт XVI, прамаўляючы да пробашчаў рымскай дыяцэзіі, так сцвердзіў: "Толькі праз сакрамант – гэты божы акт, які чыніць нас святарамі ў кантакце з Хрыстом – мы можам рэалізаваць нашу місію. І гэта ўяўляецца мне першым пунктам нашай медытацыі: узнёсласць сакраманту. Ніхто не становіцца святаром сам па сабе; толькі Бог можа прыцягнуць мяне, можа мяне ўпаўнаважыць, можа ўвесці мяне ва ўдзел у таямніцы Хрыста"[10].
Матыў, здаецца, ясны: толькі Хрыстос, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, з'яўляецца дасканалым і канчатковым пасрэднікам. Іншыя павінны быць уведзены або павінны быць дапушчанымі да ўдзелу у Яго існаванні. Гэта тая справа, якую рэалізуе Святы Дух істотна розным чынам як у святым хросце, так і ў сакраманце пасвячэння.
14. У сакраманце хросту Святы Дух робіць нас членамі містычнага Цела Хрыста і ў Ім – удзельнікамі Божай натуры[11]. Гэтае адзінства, анталагічнае з тым, хто з'яўляецца найвышэйшым і вечным святаром, робіць так, што кожны пахрышчаны ўдзельнічае ў Яго святарстве. Гэта ясна пацвярджае Катэхізіс: "Праз хрост [хрысціяне] удзельнічаюць у святарстве Хрыста, у Яго прарочай і каралеўскай місіі; яны з'яўляюцца "абраным племем, каралеўскім святарствам, святым народам, людам, на ўласнасць Богу прызначаным" (1 П 2,9)"[12] .
Такі спосаб удзелу ў святарстве Хрыста называецца "ўсеагульным святарствам" і хаця істотна розніцца ад святарства, прынятага ў сакраманце пасвячэння, але ж асвячае пахрышчаных, "каб складалі духоўныя ахвяры і абвяшчалі моц Таго, хто паклікаў іх з цемры да сапраўднага свайго святла (пар. 1 П 2, 4-10)"[13]. "Духоўныя ахвяры" пахрышчаных, пра якія гаворыць св. Пётр Апостал, гэта ўжо не жывёлы, але іх штодзённае жыццё, якое узмацоўваецца і падтрымліваецца малітвай, сакрамантамі, а асабліва Эўхарыстыяй.
15. Усеагульнае святарства не вычэрпвае, аднак, усіх аспектаў святарства Хрыста. Яно, безумоўна, удзельнічае ў Яго ахвяры, але не ў Яго збаўчым пасрэдніцтве. Айцец Альберт Ван Хо падкрэслівае: "Усе пахрышчаныя пакліканы да ахвяравання Богу ўласнай асобы, каб жыць у сыноўскім паслухмянстве і братняй салідарнасці ў адзінстве з Хрыстом, але яны не пакліканы быць пасрэднікамі ў месца Хрыста. Каб быць у стане рэалізаваць сваё святарскае пакліканне, яны абавязкова патрабуюць пасрэдніцтва Хрыста"[14]. Гэтае пасрэдніцтва праяўляецца і дзейнічае ў паслузе пасвечаных святароў.
16. Сапраўды, другі спосаб удзелу ў Хрыстовым святарстве рэалізуецца праз сакрамант пасвячэнняў "ex divina institutione"[15]. У ім Святы Дух фарміруе хрысціяніна па ўзоры Хрыста як Галавы, Пастыра і Абранніка Свайго Касцёла, і гэтая канфігурацыя садзейнічае таму, што ён можа дзейнічаць "in persona Christi capitis"[16] і быць таксама бачным і дзейсным знакам збаўчай прысутнасці Хрыста, пасрэдніка ў жыцці вернікаў.
Катэхізіс каталіцкага Касцёла цытуе праніклівыя словы св. Фамы Аквінскага, якія ілюструюць навізну міністэрыяльнага святарства ў Касцёле ў параўнанні са святарамі Старога Запавету: "Хрыстос – гэта крыніца ўсялякага святарства: святар Старога Права быў фігурай Хрыста, а святар Новага Права дзейнічае ў Яго асобе"[17].
У апостальскім лісце "Dominicae cenae" (24 лютага 1980 г.) Ян Павел II тлумачыць зварот "in persona Christi" ў аднясенні да адпраўлення эўхарыстычнай ахвяры: "Святар выконвае Найсвяцейшую Ахвяру "in persona Christi" – гэта значыць больш, чым "ад імя" ці "ў намесніцтве" Хрыста. "In persona" значыць: у своеасаблівым, сакраментальным атаясамліванні з "Найвышэйшым і Вечным Святаром", […] які толькі сам, Адзін з'яўляецца галоўным спраўцам і галоўным суб'ектам гэтай сваёй Ахвяры, у якой не можа Ён быць нікім заменены" (в.8).
Тры munera – docendi, regenti et sanctificandi (навучання, кіравання і асвячэння[18]), – якія рэзюміруюць паслугу святара, не з'яўляюцца адасобленымі, а тым больш супрацьлеглымі задачамі, але трыма аспектамі той самай яго "potestas sacra" – асаблівай місіі, задачай якой з'яўляецца рабіць увесь час прысутным "адзінага пасрэдніка паміж Богам і людзьмі, чалавека, Хрыста Езуса, які выдаў самога сябе як выкуп за ўсіх" (1 Цм 2, 5-6а). Праз пасвечаных святароў Хрыстос працягвае сваю прысутнасць і пасрэдніцтва такім чынам, што калі святар прарочыць, спраўляе сакраманты ці кіруе братамі ў любові, то Хрыстос праз яго паслугу надалей прарочыць, асвячае і вядзе свой Касцёл[19].
17. Гэтая цесная сувязь з Хрыстом Галавой і Пастырам - вялікая таямніца, у якую паглыблены святар. Яна мае трынітарнае вымярэнне, будучы ўдзелам у місіі Сына, даручанай Айцом, каб выканаць план збаўлення; акрамя гэтага, яна мае эклезіяльнае вымярэнне, таму што з'яўляецца удзелам у ахвяры крыжа, праз якую Хрыстос знішчае грэх і прыцягвае ўсіх да сябе (Ян 12, 32), ствараючы такім чынам Касцёл.
Таму мы павінны быць уважнымі, каб не перабольшваць значэння выразу "ўвасабленне Хрыста Галавы", змяшчаючы святара, біскупа або прэзбітэра па-над хрысціянскай супольнасцю. Святар - не пасрэднік паміж Богам і супольнасцю, але слуга Таго, хто з'яўляецца адзіным пасрэднікам: Хрыста. Сваю паслугу ён выконвае не толькі ў супольнасці, але ў службе ёй. Таму што ўлада, якую біскупу і прэзбітэру дае таінства - кожнаму паводле яго ступені – каб навучаў, асвячаў і кіраваў людам Божым "in persona Christi capitis"[20], мае на мэце толькі абвяшчэнне збаўлення, учыненага Хрыстом, і стварэння супольнасці. Гэта сапраўдная велічыня і адначасова сур'ёзная адказнасць святара.
18. Трэба таксама адзначыць, што "задача службовага святарства – не толькі рэпрэзентаваць Хрыста – Галаву Касцёла – перад супольнасцю вернікаў. Яно дзейнічае таксама ад імя ўсяго Касцёла, калі заносіць да Бога малітву Касцёла, а асабліва тады, калі складае эўхарыстычную Ахвяру"[21].
Належыць, аднак, добра разумець выраз "ад імя ўсяго Касцёла" ў святле нашага ўдзелу ў святарстве Хрыста. У гэтым месцы я дазволю сабе зацытаваць сінтэз тлумачэння, змешчаны ў Катэхізісе каталіцкага Касцёла: "Ад імя ўсяго Касцёла" – гэта не азначае, што святары з'яўляюцца дэлегатамі супольнасці. Малітва і ахвяра Касцёла неад'емныя ад малітвы і ахвяры Хрыста, Яго Галавы. Гэта заўсёды культ Хрыста ў Касцёле і праз Касцёл. Увесь Касцёл, Цела Хрыста, моліцца і ахвяруе сябе Богу Айцу: "Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце", у адзінстве Святога Духа. Усё Цела, caput et
membra (галава і члены), моліцца і ахвяруе, таму таксама тыя, хто ў гэтым Целе з'яўляюцца спецыяльным чынам распарадчыкамі, называюцца не толькі Божымі слугамі, але таксама слугамі Касцёла. Службовае святарства можа прадстаўляць Касцёл таму, што яно прадстаўляе Хрыста"[22].
19. Далучаю яшчэ адну думку. Канстытуцыя Lumen gentium вучыць, што гэтыя два спосабы ўдзелу ў святарстве Хрыста – усеагульнае святарства вернікаў, якое вынікае з сакраманту святога хросту, і міністэрыяльнае святарства, якое вынікае з сакраманту пасвячэнняў – хаця і маюць істотную розніцу, але толькі ў ступені, і ўзаемадапаўняюцца[23]. Хрысціяне, абдораныя ласкай Хрыста, аддаюць хвалу і пашану Богу, молячыся, замяняючы штодзённую рэчаіснасць вартасцямі Евангелля і прымаючы ўдзел у сакраментальным жыцці, перад усім – у Эўхарыстыі. Робячы гэта, пахрышчаныя становяцца ў пэўным сэнсе пасрэднікамі паміж Хрыстом і ўласнай гісторыяй. Святар, у сваю чаргу, акрамя ўдзелу ва ўсеагульным святарстве, выконвае службу адносна вернікаў. Таму што прароцтвам і таінствамі ён корміць цесную камунію вернікаў з Хрыстом, адзіным святаром і Збавіцелем, каб іх жыццё і ўчынкі, здзейсненыя ў свеце, сталі "ахвярай, прыемнай Богу, асвечанай Святым Духам" (Рымл 15,16).
Таму гэтыя два віды святарства ніколі не могуць быць зразумелыя і перажываныя як дзве розныя рэчаіснасці, тым больш - супрацьпастаўленыя. Яны павінны саўдзельнічаць у будове адзінства Хрыстовага Касцёла, які Апостал Пётр, спасылаючыся на словы прарока Ісаі, называе "абраным племем, каралеўскім святарствам, святым народам, людам, [Богу] на ўласнасць прызначаным, каб вы абвяшчалі справу моцы Таго, хто заклікаў вас з цемры да сапраўднага свайго святла" (1 П 2,9).
Заканчэнне
20. Я хацеў бы закончыць маё выступленне рэфлексіяй Святога Айца Бенедыкта XVI, які ў лютым гэтага года, медытуючы на тэму святарства ў святле Ліста да Гебраяў, так сказаў пробашчам рымскай дыяцэзіі: "Хрыстос [Святар] з'яўляецца абсалютнай навізной Бога і адначасова прысутнічае ва ўсёй гісторыі, цераз гісторыю, і гісторыя выходзіць Яму насустрач. І не толькі гісторыя абранага люду, якая з'яўляецца сапраўднай падрыхтоўкай, жаданай Богам, у якой праяўляецца таямніца Хрыста, але таксама і з язычніцтва падрыхтоўваецца таямніца Хрыста, таму што існуюць дарогі, што вядуць да Хрыста, які ўсё заключае ў Сабе"[24].
Таму я думаю, што магу і адначасова павінен канстатаваць, што калі Хрыстовае святарства – у якім удзельнічаюць святыя распарадчыкі Касцёла – з'яўляецца вялікай навізной у рэляцыі да гісторыі Старога Запавету, які быў
падрыхтоўкай да прыходу Хрыста, тым больш паняцце язычніцкага святарства адхіляецца ад святарства Хрыстовага: з гэтым святарствам ёсць толькі пэўнае знешняе падабенства і проста выпадковае.
Калі святар умее сапраўды ўсвядоміць надзвычайную рэчаіснасць свайго быць і свайго дзейнічаць, яго ўчынкі, без сумненняў, плённа узбагацяць жыццё Касцёла і яго пастаральны дынамізм – падобна як святарства св. Яна Марыі Віянэя, якому асабіста быў прысвечаны ўвесь святарскі год – і будуць мець збаўчы ўплыў на ўсё чалавецтва.
І гэтага я жадаю ўсім прысутным тут святарам і Вам, Дарагія Семінарысты, якія рыхтуецеся да перажывання той нязвыклай прыгоды, якой з'яўляецца службовае святарства ў Касцёле.
Тлумачэнне з польскай мовы Канчэўскай К.Э.
[1] Ян Павел II, Pastores dabo vobis, 25 сакавіка 1992, 5.
[2] Cfr. Lb 1, 48-53; Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1539.
[3] Эз 19,6; cfr. таксама Із 61,6.
[4] A. Vanhoye,« La novitа del sacerdozio di Cristo», in: A. Vanhoye – F. Manzi – U. Vanni, Il sacerdozio della nuova alleanza, Ancora Editrice, Milano 1999, s. 48
[5] «Каментарый да Псалмаў», Псалом 129 (Opera omnia, ed. 1579, p. 1610): пар. Літургія Гадзінаў, том II, панядзелак V тыдня Вялікага Паста, II чытанне.
[6] Ян Павел II, Pastores dabo vobis (25 сакавіка 1992), 1.
[7] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1545.
[8] Ян Павел II, Pastores gregis, 7.
[9] Ян Павел II, Pastores dabo vobis, 15.
[10] Бенедыкт XVI, Lectio divina падчас спаткання з пробашчамі рымскай дыяцэзіі, 18 лютага 2010.
[11] Пар. Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1265.
[12] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1268.
[13] ватыканскі сабор II, Lumen gentium, 10.
[14] A. Vanhoye, «Il sacerdozio ordinato», in: A. Vanhoye – F. Manzi – U. Vanni, Il sacerdozio della nuova alleanza, Ancora Editrice, Milano 1999, p. 130
[15] Кодэкс кананічнага права, кан. 1008.
[16] ватыканскі сабор II, Presbyterorum ordinis, 2; KKK, 1548.
[17] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1548, пар. таксама: 1539, 1541-1544.
[18] Пар. Ватыканскі сабор II, Lumen gentium, 21; Christus Dominus, 11-16; Presbyterorum ordinis, 2.
[19] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1549; ватыканскі сабор II, Lumen gentium, 21.
[20] ватыканскі сабор II, Lumen gentium, 21 i 28; пар. таксама Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1551.
[21] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1552.
[22] Катэхізіс каталіцкага Касцёла, 1553.
[23] ватыканскі сабор II, Lumen gentium, 10.
[24] Бенедыкт XVI, Lectio divina падчас сустрэчы з пробашчамі рымскай дыяцэзіі, 18 лютага 2010.