У межах інтэграцыйнага праекта “Разам” 22-23 лістапада ў Гродне прайшла дабрачынная фотасесія для мам і дзяцей. Дзеці з інтэграцыйнага праекта “Разам” – гэта маленькія выхаванцы дашкольнай групы “Карытас” для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў ДУА “Цэнтр развіцця дзіцяці №30 г. Гродна”.
У фотапраекце прынялі ўдзел 7 сем’яў. Ідэя праекта ў тым, каб падтрымаць мам і іх дзяцей, даць прыемную магчымасць папоўніць сямейны фотаальбом памятнымі здымкамі.
На пытанне, чаму ў цэнтры ўвагі праекта менавіта мамы, аўтары ідэі адказваюць: “Ува многім надвор’е ў доме, атмасфера см’і засноўваецца на жанчыне, яе настроі! Так хочацца, каб хвіліны, праведзеныя ў фотастудыі, сталі маленькай прыемнай перадышкай для мам, а здымкі ўпрыгожылі хатні інтэр’ер і сямейны фотаархіў, нагадалі мамам аб тым, што яны не толькі клапатлівыя і добрыя, але яшчэ і незвычайнай прыгажосці жанчыны”.
“Я вельмі рада, што прыняла ўдзел у проста казачным дабрачынным праекце! Атрымала мора станоўчых эмоцый, усё прайшло на адным дыханні. Для фатографа лепшая падзяка – бачыць шчасце ў вачах мам і дзяцей. Дзякуй вялікі арганізатарам і ўсім удзельнікам праекта!” - падзялілася фатограф Ірына Чысцякова.
Арганізатары фотапраекта “Асаблівая зімовая казка” ў сваю чаргу дзякуюць усім неабыякавым гродзенцам, якія прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі. Фотастудыі дзённага святла ў Гродна “Я♥ФОТО” выказваюць падзяку за ўтульнасць і казачную атмасферу, шыкоўны дэкор, які цалкам перадае цудоўныя імгненні пераднавагодняга цуду. Яны дзякуюць за ўменне і талент камандзе візажыстаў і парыкмахераў Юліі Шавялёвай, Ганне Анішчук, Надзеі Лугінай, Анастасіі Кессо, Юліі Барадзінчык, Святлане Катовіч, Таццяне Валынец, Ірыне Маркевіч, а таксама Наталлі Кур’ян за ўборы ў стылі family look – цудоўныя, прадуманыя да дробязяў, зробленыя з любоўю. Акрамя таго, па словах арганізатараў, “Асаблівая зімовая казка” не адбылася б без сапраўдных прафесіяналаў – фатографаў Паўла Ненартовіча і Ірыны Чысцяковай.
Ганна Высоцкая