22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, гродзенскі хор “Cantate Domino” выступіў са святочным канцэртам падзякі за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі i 25 гадоў біскупскай сакры яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Выступленне прайшло ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне.
На канцэрце сабраліся іерархі, святары, сёстры законныя, жыхары Гродна і аматары касцёльнай музыкі. Харысты пад кіраўніцтвам дырыжора Генрыхa Давідовічa выканалі прыгожыя творы. Падчас канцэрту выканаўцы быццам выражалі штосьці тое, чаго нельга выразіць звычайнай мовай. Шмат радасці і пазітыўных эмоцый мог атрымаць кожны з прысутных.
Літургічны ўспамін св. Цэцыліі з’яўляецца таксама днём заснавання гродзенскага хору. З гэтай нагоды біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў тым, хто ўваходзіць у яго склад, адзначыўшы, што ўжо 17 гадоў яны ўпрыгожваюць сваім спевам найважнейшыя касцёльныя ўрачыстасці як у Гродзенскай дыяцэзіі, так і за яе межамі.
Біскуп дадаў, што ў “дзень нараджэння” хору адчувае вялікі гонар, што горад над Нёманам мае такі цудоўны хор, які надае прыгажосць літургіі і з’яўляецца працягам багатай традыцыі.
Іерарх выказаў пажаданне, каб гэтая прыгожая справа развівалася далей, а спеў хору дапамагаў іншым перажыць радасць спаткання з Богам у літургіі, на малітве, у харастве сакральнай музыкі. “Няхай ваша творчасць дапаможа ўратаваць ад забыцця і перадаць наступным пакаленням скарбы нашай культуры і традыцыі”, - сказаў гродзенскі ардынарый.
На заканчэнне дырыжору быў уручаны юбілейны сярэбраны медаль з нагоды 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі, а ўсе ўдзельнікі хору атрымалі на памяць ружанцы, якія благаславіў Святы Айцец Францішак.
Хор “Cantate Domino” распачаў сваю дзейнасць у 1999 годзе. У хоры спяваюць 43 чалавекі. З самага пачатку кіраўніком хору з’яўляецца Генрых Давідовіч. Хор выконвае спевы на трох мовах: польскай, лацінскай і беларускай. Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў класічнай музыкі.
Кс. Юрый Марціновіч