16 лістапада ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначылі ў Гродне. Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Эўхарыстыі ўдзельнічаў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На малітве сабраліся шматлікія святары, якія прыбылі ў катэдру, а таксама вернікі горада Гродна, што прыйшлі даверыць Панне Марыі свае штодзённыя справы.
Святкаванне ўрачыстасці галоўнай апякункі дыяцэзіі пачалося малітвай Літургіі Гадзінаў канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай нагадвае пра глыбокія гістарычныя і духоўныя сувязі, якія злучаюць Гродзеншчыну з горадам над Віліяй – сталіцай вялікай Віленскай архідыяцэзіі, да якой належалі нашы тэрыторыі і дзе пасля паўстаў лакальны Касцёл.
Іерарх дадаў, што сёлетнія ўрачыстасці галоўнай апякункі дыяцэзіі перажываюцца ў кантэксце завяршэння Юбілею Міласэрнасці.
“У кожным слове Езуса, у кожным Яго жэсце і ўчынку, а асабліва ў таямніцы Яго Мукі, Смерці і Уваскрасення нам была аб’яўлена праўда пра Бога, які ёсць Любоў, пра Бога, багатага ласкай і міласэрнасцю”, - сказаў гродзенскі ардынарый.
Па словах біскупа, у вялікім Божым плане збаўлення чалавецтва, у якім аб’явілася Яго бясконцая міласэрнасць, Марыя мае свой удзел, таму нездарма завецца Маці Міласэрнасці.
“Мы называем Марыю Маці Міласэрнасці не толькі таму, што Яна была выключным і непаўторным чынам адорана міласэрнасцю і ласкай; што дала свету Езуса, у якім мы бачым аблічча Міласэрнасці Айца”, - адзначыў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне прасіў усіх сабраных ва ўрачыстасць Маці Міласэрнасці даверыць Яе заступніцтву ўсе свае штодзённыя клопаты, а асаблівым чынам усю дыяцэзію, якая ў гэтым годзе святкуе 25-гадовы юбілей свайго існавання.
"У слодычы позірку Марыі адкрыем дабрыню і міласэрнасць Бога, які з асаблівай чуласцю схіляецца над кожнай чалавечай нядоляй”, - дадаў іерарх.
Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Міласэрнасці, адразу пасля ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 г. была абрана яе галоўнай апякункай. Такім чынам, ужо 25 гадоў Яна апякуецца Касцёлам на Гродзеншчыне, а шматлікія вернікі ў сваіх патрэбах душы і цела просяць Яе заступніцтва, каб Маці Божая вяла іх да Хрыста, у якім наша збаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Вольга Сяліцкая