У мінулую суботу, 15 кастрычніка, у парафіі Святога Міхала ў Навагрудку распачаўся Евангелізацыйны курс для дарослых людзей, на які прыйшло каля паўсотні слухачоў. Курс разлічаны перш за ўсё на непрактыкуючых, людзей, якія загубіліся ў жыцці і шукаюць адказы на хвалюючыя іх жыццёвыя пытанні.
Курс часова разлічаны на 2 месяцы, дзе кожную суботу вернікі змогуць пачуць адказы на пытанні: Кім ёсць Езус Хрыстус? Навошта ён памёр за кожнага чалавека? Як я магу быць упэўнены ў сваёй веры? Навошта мне чытаць Біблію? Як мне маліцца? Як Бог нас накіроўвае? Хто такі Святы Дух? Што такое Касцёл? і многія іншыя.
Фармат сустрэч накіраваны на тое, каб людзі, не саромеючыся, адкрывалі свае сэрцы і дзяліліся досведам свайго жыцця, веры і малітвы. На самым пачатку спаткання кожны чалавек можа ў нефармальнай атмасферы за шклянкай гарбаты бліжэй пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі, наступным этапам сустрэчы з’яўляецца прэзентацыя тэмы, а пасля праца ў групах і дыялог на дадзеную тэму, зыходзячы з жыццёвых сітуацый. Плёнам, які чакаецца ад пройдзенага Евангелізацыйнага курса з’яўляецца заснаванне або аднаўленне падстаў рэлігійных ведаў і свядомы ўдзел вернікаў у жыцці супольнасці Касцёла.
Сустрэчы будуць праходзіць кожную суботу ў 19:30 у памяшканні пры касцёле Святога Міхала Арханёла. Евангелізацыйны курс будзе працягвацца да Раства.
(AM)