16 кастрычніка члены Душпастырства чыгуначнікаў здзейснілі пілігрымку ў Вільню. Яны накіраваліся да цудадзейнага абраза Езуса Міласэрнага, вобраз якога быў напісаны ў адпаведнасці з указаннямі самога Хрыста. У Юбілейны Год Міласэрнасці душпастырства абрала за мэту наведаць некалькі месцаў, звязаных з культам Божай Міласэрнасці. У ліпені яны пабывалі ў парафіі Новая Руда, дзе ў 1956-1986 гг. захоўваўся арыгінал абраза Езуса Міласэрнага.
У сваю чаргу ў лістападзе вернікі плануюць здзейсніць пілігрымку ў крыніцу міласэрнасці - наведаць кракаўскія Лагеўнікі.
У пілігрымцы ў Вільню на чале з кіраўніком душпастырства Генрыхам Качынскім прынялі ўдзел працаўнікі чыгункі з Парэчча, Гродна, Брузгоў. У Вільні яны сабраліся разам на св. Імшы ў касцёле Святога Духа, дзе да моманту прызначэння біскупам пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці быў цяперашні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас казання пробашч віленскай парафіі кс. Тадэвуш Ясінскі адзначыў, што на Імшы прысутнічаюць вернікі з Беларусі. Ён падзякаваў ім за сведчанне веры, прыхільнасць да традыцыі, труд пілігрымавання i зацікаўленасць гісторыяй віленскіх зямель.
Удзельнікі паломніцтва сабраліся на супольнай малітве каля абраза Езуса Міласэрнага, наведалі Вострую Браму, дзе даверылі Божаму Провіду сябе і свае сем'і. Пасля члены Душпастырства чыгуначнікаў мелі час, каб пазнаёміцца са славутасцямі горада: Прэзідэнцкім палацам, універсітэтам, катэдрай св. Станіслава, замкам літоўскіх князёў, капліцай св. Казіміра і іншымі месцамі.
Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апекуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе ў той час быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.
Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам.
Кс. Юрый Марціновіч