18 кастрычніка з нагоды ўспаміну св. Лукі, апекуна медыкаў, у шпітальнай капліцы Маці Божай з Люрда ў Лідзе падчас Эўхарыстыі маліліся аб патрэбных ласках для супрацоўнікаў службы аховы здароўя. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза, віцэ-канцлер Гродзенскай курыі.
У гаміліі святар узгадаў, што праца медыка - гэта перш за ўсё пакліканне, якое дае Пан Бог. Кс. Антоні растлумачыў, што кожны лекар і працаўнік медыцынскіх устаноў пакліканы да служэння іншым і павінен рэалізаваць яго ў трох вымярэннях: па-першае, з любові да бліжняга, па-другое, бачыць Хрыста ў кожным чалавеку, па-трэцяе, быць прыладай Божай міласэрнасці.
Святар заахвоціў усіх прысутных на малітве лекараў і пацыентаў шпіталя адорваць адзін аднаго міласэрнасцю, бо "невядома, калі Бог пачне дзейнічаць праз нас".
На заканчэнне Імшы капелан Лідскай ЦРБ кс. Юрый Бяганскі падзякаваў за супольную малітву і прысутнасць, а таксама падзякаваў дырэктару шпіталя Генрыху Эйсманту за магчымасць служыць Богу на гэтай шпітальнай зямлі. Звяртаючыся да прысутных медыцынскіх работнікаў, святар павіншаваў іх з днём апекуна.
Ён пажадаў усім працаўнікам службы аховы здароўя, каб іх дзейнасць навучыла сённяшні свет і сучасную медыцыну, што чалавек, які быў створаны на вобраз і падабенства Божае, з'яўляецца цэнным дарам.
Кс. Юрый Марціновіч