Кожны год 3 кастрычніка, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, усе францішканскія сем’і свету ўдзельнічаюць у асаблівым літургічным набажэнстве "Transitus" (з лац. transitus — пераход), якое ўзгадвае момант смерці ці пераходу да вечнага жыцця “Патрыярха ўбогіх” – св. Францішка Асізскага.
Увечары 3 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Анёльскай ў Гродне, дзе на працягу шматлікіх гадоў служаць айцы з Законy Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане), адбылося набажэнства "Transitus". Гэта ўрачыстасць успаміну смерці св. Францішка з Асізі, які памёр ноччу 3 кастрычніка 1226 года. Ён меў тады 45 гадоў. Дваццаць з іх пакутаваў, а два апошнія гады насіў на руках, нагах і на баку раны Пана нашага Езуса Хрыста.
Узначаліў набажэнства а. Яўген Голуб OFMConv. У сваю чаргу а. Антоні Пажэцкі OFMConv падчас урачыстасці наблізіў прысутным духоўны вобраз святога, бедняка з Асізі. Святар адзначыў, што св. Францішак падчас зямнога жыцця ніколі не шукаў славы, але заўсёды кіраваўся пакорай і прастатой. "Святы добра разумеў, што толькі Бог можа зрабіць шчаслівым ягонае сэрца, таму шукаў шчасця ў Яго", - дадаў а. Пажэцкі.
Айцец Антоні падкрэсліў, што сёння св. Францішак можа шмат чаму навучыць сучаснага чалавека. "Ён вучыць нас, як трэба любіць Езуса Хрыста, пераймаць Яго прыклад прастаты, убогасці і пакоры", - дадаў законнік.
"Няхай прыклад св. Францішка з Асізі заахвоціць кожнага з вас нанова адкрыць прыгажосць і багацце Божага Слова i жыць з ім штодзённа", - скончыў а. Антоні Пажэцкі.
Акрамя знешніх, бачных і чутных элементаў літургія "Транзітуса" мела таксама глыбокае ўнутранае вымярэнне. З аднаго боку яна вяла прысутных да таго, каб складаць падзяку Богу Усемагутнаму за дар святога Францішка. А з другога — літургія набажэнства паказвала, што смерць — гэта не канец існавання чалавека, але толькі пераход; той самый таямнічы "transitus", мост, які злучае нашае жыццё на зямлі з Тым, хто чакае нас ў будучыні.
На заканчэнне шматлікія ўдзельнікі набажэнства ўшанавалі рэліквіі св. Францішка.
Кс. Юрый Марціновіч