Skip to main content

60-гадовы юбілей святарскай паслугі ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча адзначылі ў Гродзенскай катэдры

trb61 кастрычніка ў катэдральнай базіліцы ў Гродне адбылася ўрачыстая св. Імша, падчас якой ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч дзякаваў Пану Богу за 60 гадоў святарскай паслугі і 90-ую гадавіну прыняцця сакраманту хросту.

На ўрачыстасці найстарэйшага святара Беларусі прыбылі гродзенскія іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прыбылі таксама шматлікія святары, сёстры законныя і свецкія вернікі з тых парафій, дзе служыў і каму ўдзяляў святыя сакрaманты ксёндз прэлат.

trb6

Дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, вітаючы ўдзельнікаў літургіі, адзначыў, што ксёндз прэлат асаблівым чынам звязаны з горадам Гродна. Тут ён праз доўгі час нёс святарскую паслугу ў парафіі Маці Божай Анёльскай над Нёманам, на працягу сямі гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі і ўжо амаль 17 гадоў служыць у парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ. „Сёння мы дзякуем за тваё святарства і разам прагнем заспяваць радасны гімн падзякі за ўсялякія ласкі, якімі Пан адарыў цябе", - дадаў біскуп Станеўскі.

Казанне падчас св. Імшы прамовіў адзін з самых малодшых выхаванцаў ксяндза прэлата – кс. Юрый Марціновіч. Падчас гаміліі святар разважаў над таямніцай святарства і паклікання, якое з'яўляецца незвычайным дарам Божай любові, Ягоным клопатам пра чалавека і плёнам ласкі Пана.

„Пайсці за голасам паклікання - гэта не значыць адмовіцца ад радасці, якой адарыў нас Пан, ані ад шчасця, па якому мы тужым. Наадварот, пакліканне - гэта цудоўны спосаб скарыстацца свабодай і пазнаць радасць", - адзначыў кс. Юрый.

Ксёндз Марціновіч дадаў, што юбілейная ўрачыстасць святкуецца ў дзень успаміну св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, вялікім шанавальнікам якой з'яўляецца ксёндз прэлат. Вялікім, таму што адразу пасля нараджэння мама ксяндза прэлата - святой памяці Генавэфа - даручыла яго апецы св. Тэрэзы.

„Па прыкладзе св. Тэрэзы ксёндз прэлат прагне далей крочыць па свету, абвяшчаючы імя Бога, і паставіць Яго пераможны крыж на зямлі нявернікаў. Каб усё гэта магло ажыццявіцца, ён патрабуе нашай малітвы, дзякуючы якой зможа ўзрастаць у пакліканні, а ў складаных сітуацыях абаперціся на Езуса, бо Ён усё пераможа", - дадаў кс. Марціновіч. 

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч распавёў, што 60 гадоў таму ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч з вялікай пакорай прыняў "дар і таямніцу" святарства Хрыста, каб у паўсядзённым жыцці быць дарам для ўсіх, да каго Езус яго пасылаў.

Кожны дзень, на працягу 60 гадоў, ты дакладваеш Хрысту: "я тут". Я пры тваім алтары, пры амбоне, у канфесіянале, на катэхэзе і на лекцыі ў семінарыі ў Рызе, я клапачуся пра душы людзей, якія прагнуць Бога. Сёння мы дзякуем Пану і табе, дарагі юбіляр, за тваё "я тут", - гаварыў кс. біскуп Аляксандр.

Іерарх падзякаваў ксяндзу Трубовічу за 60 гадоў сведчання веры, любові да Хрыста, вернасці пакліканню і пакорную, самаадданую і нястомную службу чалавеку.

trb5

Дзякуем табе за тое, што з'яўялешся для нас сапраўдным сябрам, што для кожнага маеш час і адкрытае сэрца, што на кожнага глядзіш з любоўю і пашанай, як на Божае дзіця", - адзначыў біскуп Гродзенскі. 

Біскуп Аляксандр пажадаў, каб ксёндз прэлат мог далей працягваць верна служыць Касцёлу і штодзённа дакладваць Пану з радасцю "я тут", а сваім святарствам працягваць узбагачаць людзей глыбокай верай, Божай мудрасцю, жыццёвым досведам і любоўю.

Падчас урачыстасці таксама былі прачытаны пажаданні ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінска-Магілеўскага.

Іерарх адзначыў, што ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч і Гродна - гэта два непадзельныя словы. Калі гродзенская парафія Маці Божай Анёльскай пасля смерці а. Аркадзя Вальтося засталася без святара, менавіта ксёндз прэлат Юзаф прыбыў на бераг Нёмана з пастырскай дапамогай. 

Вернікі адразу заўважылі, што ксёндз быў незвычайным душпастырам, які ахвярна служыў ім, не шкадуючы сіл і часу. Глыбокія казанні святара вабілі шматлікіх вернікаў, краналі сэрцы і вялі да Бога, а яго нястомная прысутнасць у канфесіянале давала людзям магчымасць паяднацца з Панам", - піша ў лісце арцыбіскуп Кандрусевіч. 

trb2

Мітрапаліт адзначыў, што ў той час, калі ксёндз Трубовіч служыў у касцёле Маці Божай Анёльскай, ён быў навучэнцам семінарыі ў Коўне. Прабываючы на канікулах, сустракаючыся з кс. Трубовічам і назіраючы яго глыбокае духоўнае жыццё, нястомную малітву і адданасць людзям, ён перажываў працэс фармацыі.

trb1

Дзякую табе, ксёндз прэлат, за тое, што гэты час быў для мяне ў пэўнай ступені працягам семінарыі, а твой прыклад быў дапамогай на шляху да святарства. Ты з'яўляешся маім настаўнікам і выхавацелем", - дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. 

Шмат цёплых слоў і пажаданняў у дзень юбілею святарства было скіравана да кс. прэлата Юзафа Трубовіча. Пажаданні склалі дзеці з катэдральнай парафіі, вернікі з гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ, студэнты катэхетычных курсаў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі і шмат іншых асобаў.

trb3

На заканчэнне ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за тое, што сабраліся, каб ушанаваць сакрамант святарства ў яго асобе. Юбіляр дзякаваў таксама біскупам і ўсім святарам за тое, што разам вядуць людзей да Збаўлення. Падзякаваў таксама Касцёлу ў Латвіі, дзе служыў на працягу 20 гадоў.

Я таксама хачу скласці дар для вас усіх і для нашай краіны. Гэта я раблю ўжо на працягу 35 гадоў. Пачынаючы з 1980 года, кожныя першую пятніцу і першую суботу месяца я адпраўляю св Імшу ў інтэнцыі нашай краіны, усіх яе жывых і памерлых", - адзначыў кс. Трубовіч. І дадаў, што адправіў ужо 868 такіх Імшаў.

trb4

Падчас кожнага набажэнства я аддаю Богу нашую краіну і кожнага яе жыхара, прашу, каб Пан клапоціўся пра ўсіх нас",- скончыў кс. Трубовіч. 

Тэкст: А. Марцішэўская

Фота: В. Сяліцкая