Skip to main content

У Гродне адбылася дыяцэзіяльная сустрэча катэхетаў

katehety226 верасня ў курыі Гродзенскай дыяцэзіі адбылася сустрэча катэхетаў, якія працуюць у парафіях Гродна і вобласці. У сустрэчы прыняў удзел таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх падзякаваў катэхетам за іх ахвярнае і адданае служэнне ў Касцёле, якое належыць да яго найважнейшых заданняў.

Падчас сустрэчы шматразова падкрэслівалася, што катэхізацыя дзяцей і моладзі — адна з самых важных задач Касцёла. Адзначалася пастаянная патрэба інвеставання ў будучыню і надзею Касцёла, патрэба працы на карысць дзяцей і моладзі і ўключэння іх у рэлігійнае жыццё і жыццё супольнасці.

katehety2

Дырэктар аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR у сваім дакладзе прыблізіў навучанне біскупаў нашай краіны адносна патрэбы і важнасці катэхезы. "Kатэхізацыя ў нашых парафіях павінна быць на высокім узроўні. Трэба сцвердзіць, што калі катэхізацыя дзяцей і падрыхтоўка да першай споведзі і святой Камуніі з большым ці меншым поспехам адбываецца паўсюль, то далей яна або зусім не праводзіцца, або праводзіцца вельмі слаба. Мала дзе арганізавана катэхізацыя дарослых, якія ў свой час не мелі магчымасці наведваць лекцыі рлігіі", - сказаў святар.

Айцец Андрэй Шчупал адзначыў, што біскупы Беларусі вельмі часта ў сваім навучанні прыпамінаюць, што ўсе павінны адчуваць сваю адказнасць за перадачу веры маладому пакаленню і яе ўмацаванне.

Айцец Казімір Енджэйчак OMI ў сваім дакладзе "Псіхічна-рэлігійнае развіццё дзяцей у школьны перыяд" адзначыў, што дзяцей і моладзь трэба нястомна накіроўваць да Хрыста, які павінен стаць цэнтрам іх жыцця. Святар падкрэсліў важнасць сям'і, якой неабходна адыгрываць галоўную ролю ў выхаванні маладога пакалення. "У той час, калі школа дае дзіцяці веды, а катэхізацыя знаёміць з рэлігійнымі і маральнымі паняццямі, менавіта сям'я адыгырвае фундаментальную ролю ў духоўным выхаванні", - дадаў а. Енджэйчак.

Айцец Андрэй Врублеўскі CSsR у сваім дакладзе ўказаў на практычныя рэчы для катэхетаў у фарміраванні хрысціянскай сталасці моладзі. Святар адзначыў, што "катэхета павінен сваім словам дакрануцца да сэрца дзяцей і моладзі".

"Кожны катэхета павінен быць апякуном шляху маладога чалавека, трэба дапамагчы яму ісці ў канкрэтным накірунку", - адзначыў а. Врублеўскі.

Сустрэча завяршылася святой Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі а. Юрый Саковіч OSPPE адзначыў, "што ў першую чаргу менавіта катэхеты з'яўляюцца спадкаемцамі вучэння Хрыста і павінны асаблівым чынам пранікнуцца жаданнем любові да Айца".

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў за гэтую фармацыйную і малітоўную сустрэчу, выказаўшы надзею, што перадача вучэння Хрыста маладому пакаленню ў Гродзенскай дыяцэзіі будзе прыносіць шчодрыя плёны. Іерарх таксама выказаў падзяку ўсім катэхетам Гродзенскай дыяцэзіі за руплівасць і стараннасць у справе навучання і рэлігійнага выхавання маладых людзей.

katehety13

Звяртаючыся да катэхетаў, іерарх адзначыў, што "катэхізацыя, як адна з вымярэнняў евангелізацыi, з'яўляецца таксама абвяшчэннем міласэрнасці, бо яе мэта - прывесці да сустрэчы з Божай любоўю".

Кс. Юрый Марціновіч