Skip to main content

"Бог глядзіць на тое, як мы выкарыстоўваем нашыя таленты, але ў першую чаргу ён глядзіць на нашыя сэрцы". Адбылася пілігрымка ў Капцёўку

pkapceuka9Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы.

Сёлетняя пілігрымка, якая адбылася 18 верасня, прайшла пад дэвізам "З Марыяй у новы навучальны год" і вырушыла раніцай з гродзенскага францішканскага касцёла. Усе пілігрымы неслі да трону Маці свае інтэнцыі і просьбы. Кожны меў сваю інтэнцыю, бо толькі тады пілігрымка мае сэнс. Марыя Углік з гродзенскай парафіі св. Юзафа адзначае, што ўжо не першы раз прымае ўдзел ў гэтай пілігрымцы і кожны год ідзе з той самай інтэнцыяй: дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе.

pkapceuka5

„Гэты год стаў пераломным у маім жыцці. Змяніліся погляды абсалютна на ўсё. Нават гэтая невялічкая пілігрымка аказалася духоўным уздымам для мяне. Хацелася папрасіць чагосьці вартага не толькі для сябе, але і для таго, хто сапраўды мае патрэбу ў гэтым. Хацелася падзякаваць Богу за штодзённую прысутнасць у маім жыцці. Мела шмат думак наконт таго, што я хачу сказаць і даверыць Марыі. У выніку ўсё аказалася вельмі проста, дастаткова было толькі зірнуць на Яе”, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Марыя Углік.

Дзяўчына таксама адзначыла, "што без Божай дапамогі мы не можам зрабіць ніводнага кроку, а такія паломніцтва, як у Капцёўку, дапамагаюць даверыцца Яму і атрымаць Ягоную падтрымку".

Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку Надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма. У гэты дзень ніхто не пакінуў гэтае месца галодным фізічна і духоўна. Падчас малітвы кожны, калі толькі адкрыецца на дзейнасць Божай ласкі, вяртаецца да сваіх спраў моцны Богам і сакрамантам Эўхарыстыі. А дзякуючы гасціннасці гаспадароў і велічы іх сэрцаў, атрымае смачную ежу і адновіць свае сілы.

pkapceuka17

Урачыстую св. Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч узгадваючы, што Паўсюдны Касцёл перажывае цяпер Юбілейны Год Міласэрнасці, заахвоціў прысутных да здзяйснення учынкаў міласэрнасці. "Нават найлепшы чалавек не зможа навучыцца дабрачыннасці на працягу аднаго дня. Так як нельга на працягу аднаго дня навучыцца граць на піяніна ці лятаць на самалёце. Патрэбны час і добрыя настаўнікі”, – дадаў кс. Юрый.

Святар таксама падкрэсліў, што "важна быць спартыўным, музыкальным, ведаць матэматыку, фізіку і іншыя прадметы. Але вельмі важным з'яўляецца ўменне слухаць сэрца. Важна ўмець убачыць, што хтосьці патрабуе дапамогі. Бог глядзіць на тое, як мы выкарыстоўваем нашыя таленты, але ў першую чаргу Ён глядзіць на нашыя сэрцы".

На заканчэнне Імшы былі асвечаны заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці i моладзь прынеслі з сабою ў пілігрымцы.

Мы глыбока верым, што Бог з'яўляецца скарбніцай усялякіх ласк, таму давайце папросім у Яго благаслаўлення для ўсіх нашых намаганняў і пачынанняў, якія мы ставім перад сабой у гэтым годзе", - адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў літургіі.

pkapceuka15

Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што гэта будучыня і надзея Касцёла. „Ужо сёння ад вас залежыць, якім будзе наш гродзенскі Касцёл у недалёкай будучыні. Таму старайцеся не толькі працавіта і пільна здабываць веды ў школе ці іншых навучальных установах, але пазнавайце Пана Бога на занятках рэлігіі, паглыбляйце сваю веру, малітву і любоў да Бога”, – дадаў іерарх. Біскуп заклікаў дзяцей і моладзь браць толькі добры прыклад ад іншых, а перад усім ад сваіх бацькоў і настаўнікаў.

Біскуп падзякаваў усім святарам, дыяканам, манаскім сёстрам, катэхеткам і катэхетам:

- Дзякую за тое, што стараецеся перадаць дзецям і моладзі не толькі глыбокія і трывалыя веды, але і вялікія духоўныя каштоўнасці, якія будуць для іх важным арыенцірам у жыцці.

Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы, на якой былі прэзентаваны парафіяльныя групы, якія прыбылі ў санктуарый. Было шмат спеваў і радасці. Вясёлай забавай сталі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы паспрыялa моладзь з душпастырства "OPEN", якая суправаджалa сустрэчу акампанементам і спевам.

Дзеці і моладзь, настаўнікi і выхавацелi, выкладчыкi і катэхеты даверыліся мацярынскай апецы Маці Найсвяцейшай. Даручылі Ёй новы навучальны і катэхетычны год. Прасілі аб Божым благаслаўленні. Штогадовая вераснёўская пілігрымка ў санктуарый да Маці Божай у Капцёўку для многіх з іх - гэта першы абавязковы крок, з якога пачынаюць кожны навучальны год.

pkapceuka4

pkapceuka6

Алена Садоўская, якая з'яўляецца загадчыкам кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства ГрДзУ, кандыдатам філалалагічных навук, дацэнтам, а таксама выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семiнарыі ў Гродне, якая традыцыйна прымае ўдзел у гэтай пілігрымцы добра разумее, што выконваць абавязкі настаўніка – гэта нялёгкая справа. „Нам вельмі патрэбна дапамога Нашай Маці, патрэбна Яе прысутнасць ва ўсіх нашых пачынаннях, у вырашэнні нашых бясконцых задач. Тут, на Узгорку Надзеі, я чэрпаю сілы, тут у вышэйшай ступені адчуваю Яе дотык, Яе прысутнасць, Яе падтрымку і разумею, што Яна крыніца ўсіх маіх сіл, Яна – Маці, якая падтрымлівае і будзе падтрымліваць мяне”, - адзначае Алена Садоўская.

Загадчык кафедры дзеліцца радасцю, што ў пілігрымцы ідзе не адна, а разам са сваімі вучнямі, студэнтамі. „За гэты невялікі прамежак часу здзяйсняецца сапраўднае цуда: мы ідзём адзінай сям’ёй, мы разам молімся, дзякуем за атрыманыя ласкі, просім аб дапамозе ў вучобе і працы, усхваляем Бога сваімі спевамі. З чым можна параўнаць гэтыя шчаслівыя моманты, падчас якіх мы крочым у наш узлюблены санктуарый, дзе заўсёды так гасцінна, утульна, цёпла, дзе, як у бацькоўскім доме, можна адпачыць і душой, і сэрцам! Менавіта так патрэбна далучацца да сапраўдных каштоўнасцей жыцця. Моцная вера можа зрабіць незвычайныя цуды. Таму даверымся Ёй, нашай Нябеснай Маці, даверымся шчыра і глыбока – і гэта будзе самай надзейнай гарантыяй добрай вучобы, плённай працы, нашых здзяйсненняў і перамогі”, – кажа дацэнт А. Садоўская.

Дзеці і моладзь Гродна і ваколіц вельмі ўдзячныя сваім біскупам, святарам, сёстрам законным і катэхетам за вялікі клопат, якім яны атачаюць будучыню Касцёла. Яны вельмі ўдзячныя таксама кусташу санктуарыя кс. Міхалу Ластоўскаму за арганізацыю пілігрымкі, урачыстасцей у Капцёўцы і за мноства пазітыўных уражанняў.

pkapceuka21

Фота: Марыя Углік

Тэкст: А. Марцішэўская