Skip to main content

У Гродне адбыліся набажэнствы з нагоды 25-ай гадавіны смерці кс. інфулата Міхала Арановіча

ksmichal230 жніўня ў Гродне прайшлі памятныя набажэнствы з нагоды 25-ай гадавіны смерці ксяндза інфулата* Міхала Арановіча. Ён з’яўляўся генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі і на працягу шматлікіх гадоў быў адзіным каталіцкім святаром у Гродне, баронячы веру ў часы савецкага атэізму.

Ушанаваць памяць спачылага святара прыбылі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юзаф Станеўскі, святары, законныя сёстры і былыя парафіяне кс. Міхала.

Спачатку вернікі сабраліся на старых гродзенскіх могілках, каб узнесці малітвы ў інтэнцыі вечнага супакою кс. Арановіча ў месцы, дзе ён пахаваны.

ksmichal2

ksmichal1

Пасля ў касцёле Адшукання Святога Крыжа, дзе кс. Міхал Арановіч на працягу доўгіх гадоў выконваў паслугу пробашча, была адпраўлена св. Імша.

ksmichal3

ksmichal5

ksmichal6

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адначыў, што "падчас служэння кс. Міхала ў Гродне плябанія пабернардынскай святыні стала не толькі цэнтрам Касцёла Гродзеншчыны, але і ўсёй Беларусі. Да святара накіроўваліся вернікі з усёй краіны, каб не толькі паўдзельнічаць у набажэнстве, але проста атрымаць добрую святарскую параду".

Затым Мітрапаліт заклікаў спытаць саміх сябе, "ці з'яўляемся мы годнымі нашчадкамі дзейнасці кс. Міхала, які быў вымушаны ў адзіночку клапаціцца пра тое, каб у цяжкія і небяспечныя часы захаваць веру і перадаць яе маладому пакаленню. Ці сапраўды мы жывем паводле яго праўды, якой з'яўляецца праўда Касцёла. Ці сапраўды мы выбіраем Хрыста ў часы рэлігійнай свабоды?".

ksmichal4

Даведка:

Пасля святарскіх пасвечанняў у 1932 годзе кс. Міхал Арановіч нёс паслугу вікарыя ў парафіі Каменка каля Шчучына, затым - у Радуні. У 1948 годзе стаў рэктарам касцёла Звеставання НПМ у Гродне, а пасля таго, як святыню закрылі - пробашчам гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа. Увогуле з самага пачатку свайго знаходжання ў Гродне кс. Міхал клапаціўся пра супольнасць сясцёр-назарэтанак, якая ў часы савецкай улады была вымушана дзейнічаць заканспіравана. Таксама ў жыцці святара быў перыяд прабывання ў турме і лагерах за "антысавецкую дзейнасць". Пасля вызвалення ў 1954 годзе ён вярнуўся ў Гродна і быў прызначаны скрытым генеральным вікарыем Гродзенскай акругі.

 

 

*інфулат – протанатарыус апостальскі, у мінулыя часы функцыяй якога было састаўленне папскіх дакументаў і вядзенне пратаколаў з пасяджэнняў. Ён мае прывілей насіць інфулу (галаўны ўбор рымска-каталіцкага духавенства, які мае форму мітры).

Тэкст: А. Марцішэўская

Фота: Г. Шалкевіч, В. Сяліцкая