Штогод моладзь з парафіі Святой Сям'і з Ліды на летніх канікулах прыязджае на рэкалекцыі ў в. Ішчална. Гэтае лета не было выключэннем. Рэкалекцыі - выдатная магчымасць для моладзі ўмацаваць сваю веру, крыху спыніцца і падумаць аб сваім жыцці, адпачыць ад гарадской мітусні і клопатаў, набрацца сіл на новы навучальны год.
Кожны дзень пачынаўся з малітвы, а на працягу тыдня хлопцы і дзяўчаты хадзілі на св. Імшу, удзельнічалі ў адарацыях, маліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці, слухалі канферэнцыі, якія праводзіў кс. Руслан Мазан, разважалі і дзяліліся Божым Словам.
Дагэтуль нязведаным была для моладзі Silentium Sacrum - святая цішыня. Гадзіну ў дзень яны прысвячалі сябе Божаму слову, а дакладней, разважалі над Ім, шукалі адказы на хвалюючыя іх пытанні, стараліся зразумець, што Бог хоча сказаць ім праз урыўкі са Святога пісання.
Увечары моладзь арганізоўвала танцы, конкурсы, гульні, спаборніцтва. Вясёлы смех і камандны дух было чуваць далёка за межамі вёскі.
Кульмінацыяй рэкалекцый стала адарацыя, якую праводзіў кс. Юзаф Ганчыц. Моладзь не стрымлівала свае эмоцыі, яны настолькі былі шчырымі і адкрытымі ад бязмежнай любові, якую даваў ім Езус. Пасля адарацыі святар адзначыў: "Вы так моцна адкрыліся на Святога Духа, што ў мяне цешылася сэрца, калі я глядзеў на вас. У касцёле было вельмі прыемна і ўтульна ад вашай шчырасці і даверу Богу".
Апошні дзень сустрэчы таксама быў насычаным. Моладзь разам з кс. Русланам і с. Хэленай Пляхімовіч познім вечарам адправіліся на Крыжовы шлях. На кожную стацыю моладзь падрыхтавала тэатральную пастаноўку, што дазволіла ім акунуцца ў даўнія часы і назіраць пакутлівы шлях Езуса. Пасля іх чакала начная св. Імша.
Тыдзень рэкалекцый падарыў маладым людзям шмат эмоцый і ўражанняў, шмат ласкі і пладоў Святога Духа, якія варта не страціць у штодзённай мітусні.
Падрыхтавала Вікторыя Бурч