Skip to main content

Адбыліся ўрачыстасці з нагоды юбілею сясцёр-назарэтанак, якія сёлета святкуюць 25-годдзе манаскай паслугі

sestry2518Апоўдні 28 жніўня ў катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая св. Імша з нагоды сярэбранага юбілею паслугі сясцёр з Супольнасці Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Сёлета 25-годдзе манаскай паслугі адзначаюць: с. Марыяна Алешчык, с. Нэрэуша Падзелінская, с. Карытас Шапель, с. Галіна Занеўская, с. Іерэмія Кулікоўская.

Набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які на пачатку св. Імшы падзякаваў сёстрам за тое, што яны "мелі дастаткова любові і мужнасці, каб свядома, дабравольна і ахвярна адказаць "так" на заклік Хрыста".

sestry2513

Затым іерарх наблізіў прысутным сутнасць дару паклікання:

- Складаючы Хрысту вечныя шлюбы чысціні, убоства і паслухмянасці, манахіня вырашае зрабіць сваё жыццё абсалютнай уласнасцю Езуса. Ніхто, акрамя Госпада, не зможа ўжо авалодаць яе душой, розумам, сэрцам ці целам.

Таксама кс. біскуп адзначыў, што "дзякуючы кансэкраваным асобам, мы можам убачыць, чым сапраўды з'яўляецца пакорлівая, бескарыслівая, ахвярная служба, і таксама вучыцца дзяліцца тым, што маем, не чакаючы нічога наўзамен".

Напрыканцы гаміліі ардынарый даручыў жыццё юбілярак заступніцтву Маці Божай, а пасля сёстры-назарэтанкі аднавілі свае вечныя абяцанні.

sestry255

Падзякаваць сёстрам за іх адданыя сэрцы прыйшлі таксама святары, манахіні з іх супольнасці, сябры і сем’і юбілярак.

sestry2519

Тэкст: А. Марцішэўская

Фота: Г. Шалкевіч