Сустрэча міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі, якая праходзіла 9-10 жніўня ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе, пакінула шмат яркіх уражанняў і эмоцый у жыцці яе ўдзельнікаў. Сведчаннем сваёй веры і думкамі наконт паклікання да службы міністрантамі хлопцы падзяліліся з нашым парталам.
Радасна служыць Богу
Антон Адамчык, парафія Божага Цела, Крамяніца
У сённяшнім свеце для кагосьці можа здавацца смешным, што маладыя хлопцы служаць у касцёле пры алтары, калі ёсць столькі розных магчымасцяў праявіць сябе. Для мяне служба міністранта - гэта магчымасць аказваць дапамогу іншым, быць бліжэй да Бога і даваць прыклад службы і паказваць сябрам, як быць бліжэй да Госпада. Служба міністранта - гэта радасць жыцця, сустрэчы і добрыя зносіны, размовы на тэму веры з такімі ж, як і я.
І добра, што мы маем магчымасць збірацца на такія сустрэчы. Яны прыносяць нам новыя веды аб службе пры алтары, разуменне таго, што трэба браць прыклад у іншых міністрантаў.
Пакліканне ад Бога
Аляксандр Валошкін, парафія Св. Тэрэзы Авільскай, Шчучын
Быць міністрантам - гэта не ёсць маё жаданне, гэта ёсць маё пакліканне ад Госпада.
Памятаю, два гады таму, калі я удзельнічаў у нядзельнай св. Імшы і прыняў Св. Камунію, маё сэрца вельмі моцна застукала. Паглядзеўшы на алтар, я зразумеў, што маё месца не ў лаўцы, а менавіта каля алтара. Дзякую Госпаду, што паклікаў мяне стаць міністрантам.
Тут я не толькі набыў шмат новых сяброў, але і пазнаю многае з жыцця Езуса і святых. Жыццё міністранта ўвесь час напоўнена новымі цікавымі падзеямі і сустрэчамі, якія суправаджаюцца дадатковымі ведамі і цікавымі гісторыямі.
У чым ёсць шчасце?
Раман Тамашэвіч, парафія Святой Сям'і, Ліда
Калі ты хочаш быць сапраўдным міністрантам, трэба кожную хвіліну свайго жыцця быць з Богам у думках і ўчынках, быць прыкладам святасці і справядлівасці, паводзіць сябе так, як належыць сапраўднаму католіку. Дома, у школе, на вуліцы трэба быць сведкам веры, каб людзі, якія зусім нічога не ведаюць пра Бога, маглі натхніцца тваёй верай. Служыць пры алтары, служыць нашаму Збаўцы - ці гэта ж не ёсць праўдзівае шчасце?
Міністрант - гэта не толькі званне, гэта лад жыцця
Косця Янкоўскі, парафія Узвышэння Святога Крыжа, Ліда-Фара
Быць міністрантам - гэта вялікая радасць, бо мы служым Богу неба і зямлі. А служэнне пры алтары з'яўляецца для мяне чымсьці вельмі важным. Праз гэтае служэнне я хачу паказаць сваю любоў да Бога і хачу быць бліжэй Яго.
Міністрант з'яўляецца прыкладам і ўзорам любові да Бога для моладзі і ўсіх вернікаў. Таму служэнне патрабуе вялікай адказнасці, дысцыплінаванасці і сур'ёзнага падыходу да свайго духоўнага і паўсядзённага жыцця. Гэтыя якасці не толькі ідуць на карысць мне самому, але і дапамагаюць іншым, напрыклад, тым, з кім я сябрую. А добры прыклад абавязкова прыносіць свае плады.
Вера павінна быць бачная не толькі пры алтары
Віталік Паканечны, парафія Святога Вацлава, Ваўкавыск
Для мяне быць міністрантам - гэта значыць служыць Богу, дапамагаць святарам у адпраўленні св. Імшы і ў касцёльных справах. Падаваць прыклад веры. Мне вельмі падабаецца быць удзельнікам розных рэкалекцый і сустрэч, каб прадстаўляць сваю парафію.
Тое, што ты міністрант, павінна быць бачна па-за касцёлам. Ты павінен вылучацца чымсьці добрым, дапамагаць сябрам і знаёмым, пазнаваць Бога і накіроўваць іх на праўдзівы шлях, які вядзе да Бога.
Міністрант - прыклад адказнасці
Яўген Дзегцяроў, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай Маці Міласэрнасці, Гродна
Быць міністрантам - гэта перш за ўсё адказнасць, прыстойнасць, акуратнасць. Таксама вельмі важна не толькі прыслугоўваць пры алтары, але і падаваць прыклад хлопцам, якія яшчэ саромеюцца або думаюць пра службу міністранта, настаўляць кандыдатаў у міністранты і падказваць ім, як калісьці гэта было са мной. У той жа час мы ўсё тыя ж парафіяне і веруючыя людзі, доўг якіх дзяліцца верай з іншымі людзьмі па-за Касцёла.
Падрыхтавала Вікторыя Бурч