Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ўжо на працягу некалькіх месяцаў рыхтуецца да Сусветных Дзён Моладзі, якія сёлета будуць праходзіць у Кракаве (Польшча). З гэтай нагоды ўвечары 18 лютага ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася св. Імша ў інтэнцыі СДМ 2016. Урачыстасць узначаліў кс. бп. Юзаф Станеўскі, які з'яўляецца адказным па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
На св. Імшы прысутнічалі кс. Антоні Грэмза, духоўны кіраўнік душпастырства "Open", і душпастыры моладзі з мясцовых парафій.
Падчас набажэнства біскуп Юзаф назваў моладзь "місіянерамі міласэрнасці" і заахвоціў дзяліцца сваёй любоўю і верай:
- Калі мы разам, мы маем вялікую сілу. Памятайце, што вера, якая жыве толькі ў вашых сэрцах, цьмянее. А калі вы ёю дзеліцеся, то незаўважна набываеце штосьці новае, чаго не ведалі раней.
Напрыканцы набажэнства прысутныя заспявалі гімн СДМ 2016 на беларускай і польскай мовах.
Пасля ўсе сабраліся на супольную сустрэчу ў кляштары сясцёр назарэтанак, дзе чакаў сюрпрыз: тарты з лагатыпам СДМ 2016. Кожны мог пакашатаваць слодыч, адказваючы на пытанне адносна Сусветных Дзён Моладзі.
Варта адзначыць, што падчас вышэйузгаданых мерапрыемтсваў здымаўся відэаролік пра падрыхтоўку да СДМ, які незўабаве можна будзе ўбачыць на нашым партале.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Ангеліна Пакачайла