Хрыстос і надзея — амаль непарыўныя паняцці, сінонімы. Хрысціянін, які згубіў надзею, пахіснуўся ў сваёй веры. Добрая Навіна, якую прынёс Езус, датычыцца любога чалавека, усяго сусвету, і вельмі важны яе складнік: Жыццё, пакуты і добрыя памкненні любога чалавека заўсёды маюць сэнс. Праўда, любоў і справядлівасць абавязкова перамогуць.
У гэтым сэнсе хрысціянская надзея з'яўляецца неабходным подыхам свежага паветра для кожнага, хто думае пра тое, адкуль чалавек прыйшоў на гэты свет, навошта жыве ў ім і куды з яго пойдзе пасля смерці.
Яшчэ восенню 2013 года Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які будзе святкавацца ў 2017 г. Зыходзячы з фацімскіх аб’яўленняў, год 2014 быў Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, а 2016 будзе Годам надзеі.
Фацімскія таямніцы — вобразы і словы, якія Панна Марыя перадала тром партугальскім дзецям у 1917 годзе. Тэкст трэцяга з іх быў раскрыты Касцёлам для грамадскасці ў 2000 годзе. Ключавыя словы трэцяй таямніцы — "Пакаянне, пакаянне, пакаянне!". У сваім афіцыйным тэалагічным каментары кардынал Ёзаф Ратцынгер, будучы Папа Бэнэдыкт XVI, адзначыў, што гэтыя словы могуць быць звязаныя са словамі: "Кайцеся і верце ў Евангелле" (Мк 1, 15).
Евангелле — Добрая Навіна — ёсць надзеяй і абяцаннем Бога, да якога Езус, Дзева Марыя і Касцёл паказваюць дарогу праз малітву, пакаянне і навяртанне. Да гэтай дарогі Касцёл у Беларусі заклікаў у 2014 і 2015 гадах і заклікае зараз.
Гэтая вялікая надзея, якую прапануе Касцёл — Евангелле, — дае спакой і ўпэўненасць, пераканне ў тым, што, калі дзейнічаць адпаведна свайму сумленню, абараняць свабоду і не даваць у крыўду сваіх бліжніх, то любыя пакуты не будуць марнымі. Той, хто стаіць у праўдзе, ужо пераможца, бо ён з Хрыстом, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё.
Паводле catholic.by