8 снежня ў Паўсюдным Касцёле распачаўся Юбілейны год міласэрнасці, абвешчаны Святым Айцом Францішкам. У сувязі з гэтым у нядзелю 13 снежня перад св. Імшой а 12 гадзіне кс. бп. Аляксандр Кашкевіч урачыста адкрыў “Браму міласэрнасці” гродзенскага катэдральнага касцёла. Тым самым ардынарый афіцыйна распачаў Юбілейны год міласэрнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Устаўленне гродзенскага касцёла імя св. Францішка Ксаверыя з “Брамай міласэрнасці” на час святкавання Надзвычайнага Святога Года было зроблена на падставе дазволу, выдадзенага Папам Францішкам для ўсіх дыяцэзіяльных біскупаў.
“Абвяшчэнне Юбілейнага года міласэрнасці павінна напоўніць супакоем чалавечыя сэрцы”, - сказаў біскуп Аляксандр на пачатку гаміліі.
У слове, накіраваным да вернікаў, кс. бп. адзначыў таксама “асаблівасць” пазнання таямніцы Божай Міласэрнасці: “Міласць Госпада заўсёды будзе большая за прысуд, які заслугоўвае кожны з нас”.
Падчас гаміліі іерарх надаў асаблівую ўвагу тэме адпусту (адпушчэнне кары за грахі) у Год міласэрнасці: “Каб атрымаць яго, вернік павінен прайсці праз “Браму Міласэрнасці” – гэты момант павінен быць звязаны з сакрамантам споведзі і ўдзелам у св. Імшы. Варта таксама паразважаць аб міласэрнасці, вызнаць веру і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Праз атрыманне адпусту кожны чалавек можа зведаць міласць і блізкасць Творцы”.
На заканчэнне св. Імшы біскуп удзяліў спецыяльнае благаслаўленне усім маці, якія чакаюць нараджэння дзяіцяці.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая