29 кастрычніка а 16.00 гадзіне ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі адбылося адкрыццё выставы акварэлі а. Аркадзія Вальтаса OFMConv. На гэтую ўрачыстасць прыбылі многія духоўныя асобы нашай дыяцэзіі на чале з кс. пралатам Антоніем Ханькам, канцлерам курыі, а таксама прадстаўнікі свету навукі Гродна.
Дырэктар музея ў сваім прывітальным слове прыгадала прысутным мэту выставы, адзначаючы, паміж іншым, што ў акварэлях а. Аркадзія можна ўбачыць глыбокі ўнутраны свет чалавека. А. Юзаф Макарчык OFMConv, адзін з ініцыятараў гэтай выставы, нагадаў прысутным жыццё і дзейнасць свайго сабрата, а таксама тое, што крыжовы шлях у францішканскім касцёле і рухомая батлейка, якую выстаўляюць там на Каляды, таксама з'яўляюцца вынікам творчасці а. Аркадзія. На заканчэнне ўрачыстасцяў адкрыцця выставы клерыкі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі пад кіраўніцтвам рэктара Юзафа Станеўскага заспявалі дзве рэлігійныя песні. Айцец Юзаф паведаміў прысутным, што ў наступным годзе запланавана чарговая выстава, прысвечаная яшчэ аднаму францішканіну, які працаваў у Гродне – а. Максіміліяну Марыі Кольбэ.
Заахвочваем усіх да наведвання выставы акварэлі а. Аркадзія Вальтаса OFMConv, якая будзе доўжыцца ў Музеі рэлігіі да 20 снежня.