14-15 лiстапада ў в. Жупраны айцы-салезіяне арагнізавалі сустрэчу для хлопцаў, якiя адчуваюць святарскае або законнае паклiканне. Яе ўдзельнікамі былі маладыя людзі з Мiнску, Смаргонi, Бараўлянаў i Жупранаў – усяго каля 20 чалавек.
Cустрэча распачалася супольнай малітвай, каб запрасіць Бога ў разважанні над сваім жыццёвым шляхам і даверыць Яму гэты выбар, і знаёмствам.
Пасля ўводзінаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB прамовіў для сабраных канферэнцыю аб святарскім пакліканні. Тэма канферэнцыі “Слабасць + пакора = сіла!”, дапамагла хлопцам зразумець, што слабасць чалавека не перашкаджае пакліканню, але становіцца вялікай сілай, калі яе ў пакоры даверыць Богу. У супрацоўніцтве з Творцам слабы можа ўзрастаць і здзяйсняць вялікія справы. Кс. Павел падкрэсліў, што святары ўзяты з народа i для народа. І яны з усiмi сваiмi слабасцямi могуць стаць алоўкамi, якiя Бог трымае ў руках i пiша імі сваю гiсторыю. Пасля маладыя людзі пазнаёміліся прагледзелі камедыйны мастацкі фільму "Дон Камiлло". Пазней на дыскусіі яны прыйшлі да высновы, што найважнейшая рыса добрага пастыра – гэта любоў да Бога. З гэтай любові нараджаецца і пакора, і ахвярнасць, і жаданне служыць.
Дзень скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту.
Другі дзень быў засяроджаны на разважаннях аб пакліканні да святарскага служэння ў харызме св. Яна Боско. Пасля літургіі гадзінаў і снядання, хлопцы паслухалі канферэнцыю кс. Івана Огара SDB “Адметнасць салезіянскага паклікання”, дзе даведаліся аб характэрыстыках і адрозненнях ад іншых.
Скончылася ўсё св. Імшой і падвядзеннем вынікаў. Арганізатары адзначылі, што бачаць вялікую карысць і пазітыўны плён такіх акцый. Асаблівым чынам святары падкрэслілі клімат даверу і дзялення. Па назіранням салезіянаў, маладыя людзі пачынаюць адкрывацца і размаўляць, дзяліцца адзін з адным і са святарамі сваімі перажываннямі, задаваць пытанні. Так ідзе працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемападтрымкі.
Сустрэчы для разважання над пакліканнем да святарскага або законнага жыцця для хлопцаў салезіяне арганізуюць чатыры разы на год. Такім чынам арганізатары могуць на працягу года суправаджаць і падтрымліваць маладых людзей, якія адчуваюць пакліканне. Тры 2-ухдзённыя акцыі праходзяць на працягу навучальнага года, чацвёртая – вакацыйная – летам. Летняя сустрэча працягвацца каля 2-ух тыдняў, на ёй падводзяцца вынікі года і плануецца будучы год. Мэтай сустрэч з’яўляецца дапамога у вызначэнні крытэрыяў паклікання, ачышчэнне інтэнцыі, адказ на пытанні маладых людзей, дапамога ў падрыхтоўцы да выбранага шляху.
Наступная такая сустрэча пройдзе 20-21 лютага 2016 года ў г. Смаргонь. На яе запрошаны хлопцы, якія задумваюцца над святарскім або законным пакліканнем, асабліва салезіянскім. Узрост удзельнікаў ад 15 гадоў і вышэй. Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да адказнага за Прэнавіцыят "Таварыства св. Францішка Сальскага" у Беларусі кс. Івана Огара SDB па тэл.: +375(29) 691 02 22
Міхаіл Вішнеўскі
Паводле www.sdb.by