27 кастрычніка ў парафіяльным касцёле ў Трабах адбылася выключная ўрачыстасць. Упершыню ў нашай дыяцэзіі кс.бп Аляксандр правёў абрад асвячэння і шлюбу з Панам Езусам. Да асвячэння была дапушчана мясцовая парафіянка Ганна Шыпарова. Падчас урачыстай св. Імшы Ксёндз Біскуп пасля Евангелля заклікаў нявінніцу Ганну словамі: "Прыйдзіце, дочкі, слухайце мяне, я навучу вас баязні Божай".
Пасля кс.бп Аляксандр звярнуўся да вернікаў з гаміліяй, у якой прыгадаў значэнне беззаганнасці, гэтага спосабу жыцця ў Касцёле - добраахвотнага трывання ў чысціні да канца жыцця, пераймання прыкладу Хрыста ў духу Евангелля. Пасля літаніі да Усіх Святых Ганна аднавіла сваю пастанову жыцця ў цноце. Пасля малітвы асвячэння Ксёндз Біскуп уручыў Ганне вэлюм, пярсцёнак і кнігу Літургіі Гадзінаў. На ўрачыстасці ў Трабы прыехалі асвечаныя нявінніцы з Польшчы. На сваім абразку Ганна напісала словы з Евангелля св. Лукі: "Вось жа Я, служка Госпадава, хай Мне станецца паводле твайго слова" (Лк 1, 38).