IX Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў адбудзецца ў Аўстрыі 23–28 лютага. Ужо пяты раз у гэтых спаборніцтвах будуць удзельнічаць святары з Беларусі. Як паведаміў нашаму парталу кс. Павел Салабуда, у гэтым годзе ў камандзе будзе 12 ксяндзоў разам з трэнерам. “Гэта пераважна святары з Гродзенскай дыяцэзіі, ёсць ксёндз з Віцебскай дыяцэзіі. Павінны былі паехаць таксама два ксяндзы з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але ў іх не атрымаецца. У сувязі з мноствам абавязкаў, з намі не змогуць быць таксама кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. біскуп Юзаф Станеўскі, хоць яны вельмі гэтага хацелі”, – расказаў кс. Павел.
У мінулым годзе Чэмпіянат Еўропы праходзіў у Беларусі, на ім нашы святары занялі 4 месца. Паводле слоў кс. Паўла, сёлета беларуская каманда хацела б паўтарыць такі высокі рэзультат, але дасягнуць гэтай мэты будзе яшчэ цяжэй, паколькі была зменена формула турніру. Нашы святары хочуць выказаць удзячнасць Беларускай федэрацыі футбола за падрыхтоўку і магчымасць арандаваць неабходныя касцюмы для гульні.
У Аўстрыю прыедзе 16 каманд. Упершыню ў чэмпіянаце будуць удзельнічаць ксяндзы з Германіі і Албаніі. Жараб’ёўка адбудзецца перад пачаткам турніру 23 лютага, але ўжо вядома, што наша каманда трапіла ў трэцюю групу разам з камандамі Італіі, Украіны і Аўстрыі. У першую групу ўваходзяць каманды Партугаліі, Польшчы, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, другая група – Венгрыя, Славенія, Румынія і Славакія, а чацвёртая – Чарнагорыя, Германія, Албанія і Казахстан. Згодна з праграмай, матчы пройдуць у аўторак і чацвер, а ў сераду ўсе ўдзельнікі чэмпіянату наведаюць мясцовы санктуарый.
Падрыхтавала Алена Гульнік