Skip to main content

Быць верным пакліканню. У Гродне адзначылі Дзень Кансэкраванага Жыцця

img 2772Штогод 2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. З гэтай нагоды ў Гродне 3 лютага адбыўся Дзень засяроджання для манаскіх асобаў.

Дзень распачаўся духоўнай сустрэчай ў Пабрыгідскім касцёле, падчас якой канферэнцыю для кансэкраваных асобаў прамовіў а. Антоній Пажэцкі OFMConv.А. Антоній заклікаў прысутных быць рэкламай жывога Бога ў прыватным жыцці і сярод людзей. Сведчыць сваёй манаскай паслугай аб тым, што чалавек, які пайшоў за Хрыстом, адчувае сябе шчаслівым і здольны дзяліцца гэтым шчасцем з людзьмі, якія яго атачаюць.

Пазней адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, а таксама ўсе ахвотныя маглі прыступіць да сакраманту Паяднання.

Пасля бласлаўлення Найсвяцейшым Сакрамантамкансэкраваныя асобы накіраваліся ў Гродзенскую катэдру, дзе адбылася св. Імша пад кіраўніцтам ксяндза біскупа Юзафа Станеўскага.

Казанне на тэму паклікання прамовіў айцец Здзіслаў Вэдэр SDB.

img 2800

На пачатку айцец падзякаваў Богу за магчымасць сабрацца разам у касцёле, які яднае людзей адзінай веры і з рознымі жыццёвымі шляхамі:

Кагосьці Госпад паклікаў да жыцця ў сужанстве – складанага жыцця, якое з’яўляецца нястомнай школай любові. Большасць людзей ідзе гэтай дарогай, але існуюць і іншыя шляхі. Святарства, манаства – жыцццё без сям’і. Езус таксама не заснаваў сям’і, і Ён кліча выбраных Ім людзей, каб наследвалі стыль Яго жыцця.

Не існуе такога абавязку, не мець сям'і, існуе толькі такая евангельская парада. І галоўнае заданне чалавека – гэта распазнаць, дзе Езус хоча бачыць мяне, дзе маё жыццё будзе больш плённым – у сужэнстве, ці ў кансэкраваным жыцці”.

Пасля а. Здзіслаў падзякаваў свецкім вернікам за падтрымку, якую яны аказваюць кансэкраваным асобам, дзейнасць каторых таксама сустракае шмат цяжкасцей і перашкодаў:

“Няма паклікання без крыжа, але той хто любіць, заўсёды будзе здольны перамагчы ўсе спакусы.”

Напрыканцы айцец заклікаў памаліцца аб ласцы трывання ў веры ў Бога і ў дадзеных яму абяцаннях.

“Вернасць Правадыру да апошняга стрэлу, а Богу - да заканчэння імшалу”, – скончыў прамову а. Здзіслаў словамі Яна Твардоўскага.

Пасля казання адбылося аднаўленне вечных абяцанняў.

img 2819

Напрыканцы св. Імшы ксёндз біскуп Ю. Станеўскі падзякаваў прысутным сёстрам і айцам за іх манаскую дзейнасць.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі прыгадаў таксама тых людзей, якія споўнілі важную ролю ў яго духоўным узрастанні: падзякаваў кс. Казіміру Жылісу, які ў свой час прывёў яго да служэння пры алтары і айцам-рэдэмптарыстам, пры якіх праходзіў семінарыйную практыку.

На заканчэнне cв. Iмшы іерарх блаславіў свечкі ва ўспамін св. мучаніка Блажэя.Паводле традыцыі, вернікі прыкладваюць дзве скрыжаваныя свечкі да горла, каб зберагчы сябе ад прастудных захворванняў.

 

 

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская