Skip to main content

Абп Тадэуш Кандрусевіч да манаскіх сясцёр: Свет патрабуе сведчання кансэкраваных асоб

44-21У панядзелак, 5 студзеня, адбыўся першы ў гэтым годзе дзень засяроджання для манаскіх сясцёр у Пабрыгіцкім касцёле ў Гродне. Кс. Раман Катлімоўскі распачаў гэты дзень малітвай за нядаўна спачылую сястру Міхаліну з ордэна Маці Божай Міласэрнасці.

Пасля вяночка да Божай Міласэрнасці, а. Антоні Пажэцкі OFM правёў канферэнцыю на тэму сэнсу манаскага жыцця. Айцец нагадаў, што чалавечае жыццё з’яўляеца кволым, і мы не можам ніколі мець пэўнасці яго працягласці. Кожны, нягледзячы на ўзрост, павінен быць заўсёды падрыхтаваным на сустрэчу з Богам. 

44

Айцец Антоній ўзгадаў, што кожны пакліканы, "павінен памятаць аб асноўных сродках, якія дапамагаюць духоўна ўзрастаць і пра якія мы не маем права забыць. Гэта свядомы і глыбокі ўдзел у Эўхарыстыі, частая споведзь, штодзённае разважанне Святога Пісання, і карыстанне з духоўнага кіраўніцтва. Не варта шукаць "сучасных" сродкаў духоўнага развіцця, а варта звярнуцца да духоўных дарог пракладзеных заснавальнікамі нашых супольнасцей. Іх духоўны досвед з'яўляецца прыкладам для кожнага. А. Антоній параўнаў духоўнае жыццё з пілігрымкай. Пілігрым, каб дайсці да мэты не можа марнаваць дадзены яму час на пустыя размовы, пастаянныя адпачынкі і ўсе тое, што яго адцягвае ад вызначанага маршруту, а інакш, ён проста не дойдзе да мэты або спазніцца. 

44-15

Пасля канферэнцыі, адарацыі і ружанца распачалася святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, разам з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім і святарамі. У сваім казанні іерарх раскрыў сутнасць манаскіх абетаў: чысціні, пакоры, беднасці і заклікаючы сясцёр да таго, каб нягледзячы ні на што, сведчылі аб Езусе перад людзьмі, каб былі "маяком, які можа паказваць шлях, (...) каб у духоўнай цемры сучаснасці былі лампай, святлом свету і соллю зямлі".

44-31

На заканчэнне дня засяроджання ўсе прысутныя паламаліся аплаткай і злажылі адзін аднаму калядныя пажаданні.

с. Віргінія Хацян