Skip to main content

У парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбыліся духоўныя практыкаванні для мужчын

У суботу 15 лістапада ў Гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка, адбыліся рэкалекцыі для руху "Мужчыны Святога Юзафа'', якія правёў кс. Віктар Ханько. На духоўных практыкаваннях, у якіх прыняло ўдзел каля 30 мужчын, разглядаліся тэма малітвы і нашае сыноўскае стаўленне Нябеснага Айца, у прыватнасці гаварылася пра тое, чаму ж нам так часта бывае сумна на св. Імшы.

Адзін з актыўных удзельнікаў руху, спадар Анатоль Канарскі, падзяліўся сваімі ўражаннямі з рэкалекцый:

"Найчасцей мы абвінавачваем святароў у праблемах з уласцівым перажываннем св. Імшы, аднак на самой справе прычына заключаецца ў тым, што мы самыя не ўсведамляем і не да канца ведаем, што адбываецца падчас Эўхарыстычнай Ахвяры. Мы не задумваемся аб тым, што прыходзім не да святара, а да Бога, што Бог заўсёды цешыцца намі, а ў адказ мы стаім з абыякавымі тварамі і чакаем, хутчэй бы ўсё скончылася, каб ізноў вярнуцца да сваіх паўсядзённых спраў. 

Ці чуем мы Бога падчас перажываючы літургію, ці адчуваем Яго позірк на нашыя справы, ці імкнемся пазнаць Яго волю? На жаль, вельмі часта не. Кс. Віктар заклікаў нас сумленна спытаць сябе: што я раблю падчас св. Імшы, у што ператварылася маё наведванне святыні. 

Таксама мы разважалі аб малітве. Малітва - гэта асабістая сустрэча з Богам. Гэта дыялог, а не маналог. Мы павінны размаўляць з Богам. Часам мы не чуем Яго ці не хочам Яго чуць, таму што баімся пачуць праўду аб саміх сябе. Нам трэба стаць у пакоры перад нашым Айцом. 

Парадавала тое, што ў гэты дзень, напэўна з-за таго, што дадзенае мерапрыемства праходзіла ў Гродне, было шмат мужчын. Хоць хтосці можа сказаць, што 30 мужчын гэта не вялікая колькасць. Але, на жаль, у наш час 30 мужчын на мужчынскіх рэкалекцыях гэта сапраўды шмат. Ёсць над чым задумацца, ці не праўда? Але, тым не менш, нам, мужчынам з руху мужчын Святога Юзафа было прыемна бачыць столькі мужчын прагнучых пазнаваць Бога. 

Пасля канферэнцый і сумеснага абеда быў час на сведчанні і пытанні. Першае сведчанне даў кс. Віктар, дзе сказаў пра асабістыя перажыванні, спакусы і праблемы, дзякуючы чаму яго словы запалі глыбока ў сэрца, падбадзёрвалі і натхнялі. Затым сваім сведчаннем падзяліліся два ўдзельнікі руху «Мужчыны св. Юзафа». На завяршэнне рэкалекцый мы прынялі ўдзел ў св. Імшы і адарацыі. 

Асабіста мяне напаўняла невымоўная радасць з таго, што я магу маліцца, размаўляць пра Бога ў асяроддзі так многіх мужчын, паколькі звычайна ў касцёле мы, мужчыны, нажаль, знаходзімся ў пераважнай меншасці. Падобныя рэкалекцыі зноў нагадваюць, што крыніца сілы мужчыны - у Богу, у веры, у сакрамэнтах, у Божым Слове, якія дапамагаюць перажываць штодзённасць з Богам.

У заключэнні хацелася б запрасіць усіх мужчын, якія хочуць нечага большага ў сваім духоўным жыцці, хочуць лепш спазнаць сваю веру і глыбей жыць ёй, а таксама знайсці новых сяброў-каталікоў на сустрэчах «Мужчын св. Юзафа», якія праходзяць у Фарны касцёл, у касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мікрараёне Паўднёвы і ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы.

Ад імя ўсіх мужчын, якія ўдзельнічалі ў суботніх рэкалекцыях, я выражаю падзяку кс.Віктару Ханько, за яго духоўную апеку, малітву за нас, кс. Дзмітрыю Лабкову за яго добразычлівасць і гасціннасць".