Як гэта страшна, калі людзі аб’ядноўваюцца не для добрых рэчаў, але для злых. Чытаем у нядзельным евангеллі, што фарысеі і прыхільнікі Ірада (у кожнагага з іх былі розныя мэты: фарысеі – нацыяналісты скрыта выступалі супраць рымскай улады, а прыхільнікі Ірада - супрацоўвалі з рымскай уладай і яе падтрымлівалі) сабраліся разам, каб злавіць Езуса на слове. Само іх пытанне: “Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?” Яны бачаць, што Езус праўдзівы і самі гэта гавораць, але не хочуць прыняць гэтай праўды, бо яна ім не падыходзіць.
Ці часам і мы не захоўваемся падобным чынам? Цяжка нам прыняць праўду Езуса і змагаемся з Ім, каб толькі нам было выгадна і добра. Але ў Бога не так. Яго праўда вечная. Ён ведае ўсе нашыя помыслы і Яму не складана прывесці чалавека ў стан здзіўлення. Хрыстос адным сказам выкрывае крывадушнасць тых, хто да Яго прыйшлі з запытаннем. Нам таксама трэба заўсёды са шчырым сэрцам прыходзіць да Езуса і не баяцца пытаць яго аб тым, што нас турбуе. Ён заўсёды ведае адказ на нашыя пытанні і адказвае нам так, што сапраўды мы здзіўляемся, калі якаясьці праблема вырашаецца і ўсё, здаецца, так проста. Гэта сапраўды так. Калі Бог будзе панаваць ў маім жыцці, усе іншыя рэчы будуць на сваім месцы.