Skip to main content

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў 25-годдзе біскупскага пасвячэння

З гэтай нагоды іерарх цэлебраваў урачыстую літургію ў сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску. Падчас св. Імшы падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі маліўся таксама за свайго былога пробашча ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча.

 

Жыхары Адэльска з вялікай радасцю сустрэлі высокага госця: маленькія вернікі правялі архіпастыра да парафіяльнай святыні, дзе на пачатку св. Імшы адбылося асвячэнне памятнай табліцы, прысвечанай былому пробашчу мясцовай парафіі кс. Пятру Барташэвічу, выхаванцам якога з’яўляецца абп. Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас Эўхарыстыі, удзел у якой прынялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама шматлікія святары, сёстры законныя, семінарысты мясцовыя вернікі, архіпастыр асаблівым чынам маліўся за сваіх бацькоў Ігната і Анну - першых і найважнейшых выхавацелей, а таксама ўсіх тых, хто падтрыліваў яго малітвай і сваім жыццёвым прыкладам на шляху святарства.

Дзякуючы Найвышэйшаму за дар паклікання, іерарх узгадаў 1989 год, калі ў базыліцы св. Пятра ў Рыме, Папа Ян Павел ІІ мянаваў яго біскупам і сказаў: «Не бойся, я за цябе малюся».

- Прызначэнне біскупа ў Беларусі пасля 60 гадоў – гэта знак павагі Апостальскага Пасаду і Папы да Касцёла ў нашай краіне, які так шмат выцерпеў, захаваў веру і заслужыў нармальнае жыццё і дзейнасць. Гэта таксама знак павагі да Беларусі. Дзякуючы гэтаму прызначэнню таксама і Адэльск стаў вядомым ва ўсім свеце. У тыя складаныя часы Папа даверыў мне спачатку Касцёл у Беларусі, потым у Еўрапейскай частцы Расіі і цяпер зноў у маёй Айчыне. Мінулыя чвэрць стагоддзя былі часам адраджэння Касцёла ў былым Савецкім Саюзе пасля трох пакаленняў ганенняў. І Бог паслаў мяне быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам гэтага працэсу, – падкрэсліў абп. Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля набажэнства да юбіляра з віншаваннямі звярнуліся ўдзячныя вернікі – жахары Адэльска і суседніх вёсак, аднакласнікі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады. З іх вуснаў прагучалі прыгожыя віншаванні, між іншым благаслаўлення ў пераадольванні шматлікіх цяжкасцей і суправаджэння Святога Духа ў прыняцці важных рашэнняў.

У сваю чаргу кс. бп. Аляксандр Кашкевіч зазначыў, што 20-гадовы юбілей біскупскай сакры іерарха непарыўна звязаны з 20-годдзем адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Пра гэта сведчыць заснаванне Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, вяртанне і адкрыццё больш як 100 храмаў і інш.

Кс. бп. Аляксандр таксама падкрэсліў, што Касцёл на Гродзеншчыне памятае ў малітвах пра першага біскупа, прызначанага для Беларусі, і пажадаў архіпастыру трываласці на шляху служэння Касцёлу, Богу і людзям. Пасля св. Імшы урачыстасці з нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння працягваліся ў мясцовым Доме культуры. Там адбыўся святочны канцэрт, падчас якога моладзь прадставіла старонкі з жыцця і дзейнасці Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама адкрылася выстава фотаздымкаў, прысвечаных архіпастыру.

Фота з Сatholic.by

Фотаздымкі можна праглядзець ТУТ

Гражына Шалкевіч