Skip to main content

Як Хорхэ Берголіа распазнаў сваё пакліканне да святарства?

papaЦі мог ведаць малады 20-гадовы хлопец Хорхэ, што праз амаль 60 год ён будзе прамаўляць да вернікаў як "Папа Рымскі"? Пра свой шлях да святарства распавядае чалавек, які займае пасад св. Пятра - папа Францішак.

Пра свае асабістыя перажыванні і ўспаміны Францішак расказаў у інтэрв’ю італьянскай журналістцы Франчэсцы Амбраджэці. Яно выйшла ў 2010 г. асобнай кнігай пад назвай “Езуіт”. У ёй будучы Папа распавёў, што ўпершыню адчуў пакліканне да святарства ва ўзросце 17 гадоў. Было 21 верасня і Хорхэ Берголіа, як і іншыя маладыя людзі, спяшаўся адзначыць са сваімі сябрамі Дзень студэнта. Будучы добрым практыкуючым католікам, ён вырашыў па дарозе зайсці ў касцёл.

Тут ён сустрэў святара, якога не ведаў раней і які зрабіў на яго вялікае ўражанне. Будучы Папа спытаў у яго аб магчымасці паспавядацца. Пазней ён распавёў, што гэта споведзь не была як усе іншыя – гэта была сустрэча, якая умацавала яго веру і дазволіла зразумець пакліканне. Пакінуўшы канфесіянал Хорхэ Берголіа не пайшоў на сустрэчу з сябрамі, а накіраваўся дамоў з цвёрдым перакананнем: ён павінен стаць святаром.

“Са мной здарылася дзіўная рэч падчас споведзі. Я не ведаю, што гэта было дакладна, але гэта змяніла маё жыццё”, - падзяліўся ён і дадаў, што быў вельмі здзіўлены і ўражаны – ён зразумеў, што нехта яго чакаў. “З таго моманту Бог для мяне - гэта той, хто апярэджвае. Ты яго шукаеш, але ён знаходзіць цябе першым. Ты хочаш Яго сустрэць, але Ён першы выходзіць цябе насустрач”, - казаў Хорхэ Берголіа ўжо будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Ён падкрэсліў, што адказаць на пакліканне яго падштурхнула не ўражанне ад гэтай сустрэчы, але міласэрны спосаб, якім Бог яго клікаў – спосаб, якія з гадамі перамяніўся ў крыніцу натхнення для яго служэння - словы “міласэрнасць” і “выбар” сталі яго біскупскім, а пазней папскім дэвізам.

Перш чым Хорхэ Берголіа паступіў у семінарыю, мінулі чатыры гады. Ён працягваў працаваць у хімічнай лабараторыі не кажучы нікому пра сваё рашэнне. У гэты час ён захапляўся таксама палітыкай і чытаў некаторыя мясцовыя камуністычныя часопісы, хоць ніколі не быў камуністам. Берголіа расказаў, што ў гэты перыяд навучыўся жыць у адзіноце, а калі дасягнуў 21-гадовага ўзросту, вырашыў паступіць у семінарыю.

“Па праўдзе кажучы, я не меў яснай ідэі, куды ісці. Але ў чым не меў сумневаў – так гэта ў маім пакліканні”, - дзяліўся Хорхэ Берголіа. Пасля паступлення ў семінарыю Буэнас-Айрэса ён уступіў у ордэн езуітаў. Будучы Папа прызнаўся, што быў уражаны знаходжаннем езуітаў ў “першых шарэнгах” Касцёла, калі карыстацца вайсковай тэрміналогіяй, а таксама іх паслухмянасцю, дысцыплінай і місійным характарам ордэна. На пачатку ён нават спрабаваў адправіцца на місіі ў Японію, але не атрымаў дазволу з-за праблем са здароўем. “Тут ёсць людзі, якія былі б “выратаваны” ад мяне, калі б мне дазволілі паехаць туды”, - жартаваў былы арцыбіскуп Буэнас-Аэрэса.

Яшчэ да паступлення ў семінарыю Хорхэ Берголіа вырашыў расказаць пра сваё рашэнне бацьку. “Я быў упэўнены, што бацька зразумее мяне лепш. Яго маці была асобай надзвычайна рэлігійнай і ён атрымаў у спадчыну ад яе гэту рэлігійнасць і сілу, паяднаныя з вялікім болем, звязаным з пакіданнем роднай зямлі. Таму ён прыняў навіну пазітыўна. Маці наадварот – бачыла ў ёй страту”, - казаў будучы Папа.

Маці Хорхэ Берголіа таксама была рэлігійным, практыкуючым чалавекам, але думала, што рашэнне сына занадта паспешнае, таму не падтрымлівала яго. Яна не праважала сына ў семінарыю і ніколі не наведвала яго там. Яны сустракаліся, калі ён сам прыязджаў дамоў. Толькі падчас атрымання апошнім святарскага пасвячэння яна ўкленчыла і папрасіла благаслаўлення.

Аднойчы маці будучага Папы сказала: “Калі ласка, не забывай, што дзверы дома заўсёды адчынены і ніхто не будзе супраць, калі ты вырашыш вярнуцца назад”. Хорхэ Берголіа адзначаў, што гэта стала для яго добрым урокам, як трэба адносіцца да людзей, якія стаяць перад абліччам прыняцця важнага ў іх жыцці рашэння.

Праз 60 год пасля тых падзей, увага мільёнаў людзей у свеце звернута на чалавека, які сёння займае пасад св. Пятра. Акрамя навучання, якім ён дзеліцца, павучальным з’яўляецца таксама і яго жыццёвы досвед.

Аляксандр Панчанка паводле "Papa Francesco. Il nuovo Papa si racconta. Conversazione con Francesca Ambrogetti e Sergio Rubin", Радыё Ватыкана