Skip to main content

У Лідзе распачаліся "Канікулы з Богам"

kanikuly z bogam lida-25Лета хутка праляцела, пакінуўшы за сабой прыемныя ўспаміны. Усяго некалькі дзён застаецца да прыходу восені, а з ёй холаду і штодзённых школьных абавязкаў. Сёння распачаліся тыднёвыя "Канікулы з Богам" для дзяцей, якія прагнуць правесці апошнія летнія дні з Госпадам.

А 9 гадзіне ў парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. Уладзіслаў Сурвіла. На св. Літургіі сабраліся дзеці, моладзь у якасці выхавацеляў і дзве законныя сястры: с. Кляра CSFN і с. Агнэс CSFN.

Падчас гаміліі кс. Уладзіслаў нагадаў дзецям аб малітве і падзяцы за ўсё, што Бог дае, а таксама заклікаў не забываць пра Госпада і падчас новага навучальнага года. Пасля ўсе прысутныя прывіталі с. Агнэс, якая прыбыла для служэння ў Ліду. 

"Канікулы з Богам" чарговы раз сабралі вялікую колькасць дзяцей - 100 чалавек. Яны праходзяць на самым пачатку лета і ў яго сумным канцы. Такія канікулы цешацца вялікай папулярнасцю, таму што падчас іх дзеці атрымоўваюць сапраўдны зарад энэргіі, малітвы і шалёнага настрою.

Як адзначае с. Кляра, "неафіцыйная абстаноўка добра ўплывае на дзяцей. Яны ўспрымаюць Касцёл як дом, дзе адчуваюць сябе добра, як у сям'і".

У праграме штодзённая св. Імша а дзявятай гадзіне, спевы і танцы, кароткія гісторыі ад с. Агнэс, кіно і экскурсіі ў Лідскім замку, і нават дыскатэка. "Канікулы з Богам" скончацца ў суботу супольнай малітвай і салодкім пачастункам.

Яна Ткачук