Skip to main content

"Я глінай мяккай у руках Тваіх, Божа. Дух мой асобны нічога не можа"

swaak4Цяпер я знаходжуся на літургічна-душпастырскай практыцы ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Міхалішках. Адным прыгожым ранкам кс. пробашч Анатоль прапанаваў паказаць мне непаўторныя краявіды астравецкай зямлі. Я ў той жа момант згадзіўся, яшчэ не ведаючы, што чакае мяне "знаёмства" з адной цікавай асобай.

Я першы раз аказаўся ў гэтых мясцінах, таму хацелася ўбачыць усю прыгажосць поўначы Гродзенскай дыяцэзіі.

Была спякота, гарачае паветра напаўняла лёгкія. Святар паволі паказваў мне месцы, куды ён прыязджае, каб маліцца разам з людзьмі. Адным з такіх месцаў была вёска Клюшчаны. У памяці ўсплыло: тут калісьці працаваў кс. Казімір Сваяк – вядомы дзеяч духоўнага адраджэння Беларусі, як казалі, "святар па веры, а па душы - паэт".swajak9

Казімір Сваяк (сапр. Канстанцін Стэповіч) нарадзіўся 19 лютага 1890г. у в. Барані Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён) у сям’і лесніка. Бацькі – Альжбета і Матэвуш Стэповічы мелі 8 дзяцей: шэсць сыноў і дзве дачкі. Малалетнія гады Кастуся прайшлі як і ва ўсіх сялянскіх дзяцей: ён пасвіў хатнюю жывёлу ў полі, збіраў грыбы і ягады. Ён скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, потым вучыўся ў Свянцянах.

Бацькі марылі, каб Кастусь стаў ксяндзом.

Увосень 1907г. у Пецярбургу К. Сваяк паспяхова здаў уступны экзамен для паступлення ў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Да гэтага часу належыць і яго знаёмства з беларускім адраджэнскім рухам, з асяроддзем «Нашай Нівы», пад уплывам якой ён пачаў цікавіцца «беларушчынай», збіраў і вывучаў фальклор.

Святарскую дзейнасць пачаў вікарыем у парафіі Камаі, але неўзабаве перабраўся ў Клюшчаны, дзе шырока разгарнуў рэлігійную і грамадскую дзейнасць: увёў набажэнства па-беларуску, арганізаваў беларускія школы і настаўніцкія курсы, а таксама касцёльны хор.

На жаль, стан здароўя ўвесь час пагаршаўся. 6 мая 1926 года безнадзейна хворы паэт памёр у Вільні, дзе і пахаваны на могілках Роса.

Свой першы верш “На імяніны майго пробашча” К. Сваяк напісаў у 1912г., а ў 1913г. надрукаваў некаторыя творы ў газеце “Беларус”, дзе ён выступіў пад псеўданімам Казімір Сваяк. З таго часу імя паэта часта сустракалася на старонках беларускіх перыядычных выданняў у Вільні.

Найбольш поўна і глыбока талент К. Сваяка раскрыўся ў паэзіі. У 1924г. у Вільні выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік яго вершаў “Мая ліра”. Зборнік адразу вылучыў паэта ў першы шэраг беларускіх літаратурных дзеячаў 1920-х гг. К. Сваяком быў складзены малітоўнік для беларусаў-каталікоў “Голас душы”.

Прадстаўляем Вашай увазе здымкі касцёла ў Клюшчанах, дома-музея і старай плябані.dom-museumkasciol kluszczanykasciol kluszczany2pomnik kala kasciolastaraja plebaniaswaak4swajakswajak2swajak6swajak10

кл. Раман Вайцяховіч