Skip to main content

XIX Звычайная Нядзеля. Кс. Алег Пятрашка

Калісьці, гадоў дзесяць таму, давялося мне выбрацца з дзецьмі на адпачынак на буйное водасховішча. Яно знаходзіцца ў Бяшчадах, бліжэй на паўднёвы ўсход Польшчы, і завецца Саліна. Яшчэ раней там было вырашана яго пабудаваць, каб паставіць плаціну і вырабляць электрычнасць. Мясцовыя людзі распавядалі пра тое, што калі высылалі людзей з вёскі, дзе павінна было быць водасховішча, то іх дамы, могілкі і касцёл быў затоплены.

Я не памятаю дакладна, але напэўна яно вельмі глыбокае. Цяпер там турыстычны цэнтр, на беразе смажаць смачную рыбу, а па возеры плаваюць чоўны, якія выклікаюць буру эмоцый у дзяцей і дарослых.

Напэўна, калі знаходзішся пасярэдзіне такога водасховішча, то вельмі спадзяешся, што той човен моцны, і не пойдзе на дно. Маеш давер да капітана, які мужна вядзе яго па хвалях. Трошачкі спадзяешся, што той жылет бяспекі можа ўратаваць табе жыццё. Але, калі б на сярэдзіне гэтага водасховішча пачалася навальніца, калі б човен хістаўся з боку на бок, калі б вада моцнымі крыніцамі залівала той востраў бяспекі, то чалавек б зразумеў, што нічога няма на зямлі такога, што можа гарантаваць поўную бяспеку. Нічога, апроч...веры.

У сённяшнім Евангеллі вера, хоць і яшчэ не дасканалая, абудзіла Пятра, які бачыў Пана Езуса, як той ішоў па вадзе. Пётр выбег з чаўна і сказаў: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі.” І Пётр пайшоў насустрач Пану Езусу.

Хвалі эмоцый перапаўнялі св. Пятра, розум адмаўляўся зразумець, што адбываецца, вочы былі скіраваны на Езуса, які йшоў насустрач, сэрца напаўнялася здзіўленнем, але... ”Убачыўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Пане, ратуй мяне! Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаму засумняваўся ты?”

Спадзяюся, калі мы цяпер разважаем гэтыя словы, то можа і прыходзіць пытанне: дык што зрабіў бы я? Ці выйшаў б увогуле з чаўна? Ці хвалі, якія накрываюць мяне з галавой, пасеялі б ува мне зерне малавернасці або недаверу?

Сёння мы ідзем па свеце з высока ўзнятай галавой, пэўныя сябе, напоўненыя ганарыстасцю. Але дастаткова невялічкай буры, якая зробіць нас разбіткамі пасярод жыццёвага возера, якое вельмі глыбокае і вельмі неспакойнае. Хто тады схопіць нас за руку? Можа той, хто ідзе з намі ў жыцці? Маці, бацька? Ці яны будуць побач? Ці зразумеюць?

Мы маем так шмат таямніц у сваім жыцці, што часам баімся самі зазірнуць у глыбіні сваёй душы. Можа схопіць мяне муж ці жонка? А калі жонка з мужам не разумеюць адзін аднаго, што тады? Хто здолее дапамагчы, калі я буду тануць у жыццёвым возеры? Хто здолее прабачыць мне мае правіны і вылечыць раны сэрца?

Навошта Пан Езус пайшоў па вадзе да сваіх апосталаў? Не лягчэй было б супакоіць навальніцу, наказаць вадзе, каб сталася лагоднай? Трэба яшчэ раз звярнуцца да сённяшняга Евангелля.

“Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сваім сесці ў човен і пераплысці на другі бок перад Ім, пакуль Ён адпусціць народ. Адпусціўшы народ, Ён падняўся на гару памаліцца ў самоце. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага.”

Пан Езус перад гэтым накарміў натоўп людзей. Ён даў ежу, якая заспакоіла голад. З пэўнасцю можна сказаць, што вучні Пана Езуса  таксама былі пад уражаннем, дзівіліся таму што ўбачылі. Яны сваімі рукамі раздавалі гэты хлеб і рыбу, давяраючы свайму Настаўніку.

Пасля, калі натоўп адыйшоў, Пан Езус маліўся ў адзіноце, а вучні былі ў чоўне. Расхваляванае возера адцягнула іх ад берага. Ім засталося так мала: аддаць сэрца Езусу, аддаць саміх сябе. Апосталы не здалі экзамен.

Дарагі сябра, калі хочаш моцнай сувязі з Езусам, памятай: не ў гвалтоўным ветры, не ў землятрусе, не ў вогішчы, але ў ціхім ветры ёсць Пан. Шукай Яго і знойдзеш!