Сёння завершыліся рэкалекцыі для юнакоў. Напэўна, кожны вынес для сябе нешта патрэбнае, кожны пачуў менавіта тыя словы, якія прагнуў пачуць. Заўтра - уступны экзамен на прыняцце ў семінарыю.
Апошні дзень рэкалекцый традыцыйна распачаўся малітвай. Пасля снедання хлопцы выслухалі канферэнцыю духоўнага айца кс. Тадэвуша Крыштопіка. Пасля канферэнцыі ўсе ўдзельнікі сабраліся ў зале, дзе падвялі вынікі рэкалекцый. Кожны атрымаў на памяць фотаздымак і Святое Пісанне.
Пасля выніковай сустрэчы хлопцы пайшлі памаліцца на святую Імшу ў катэдру. Св. Эўхарыстыю цэлебраваў кс. Ян Кучынскі, пробашч парафіі. Атрымаўшы благаслаўленне, юнакі адправіліся дадому.
Заўтра маладыя хлопцы, якія вырашылі прысвяціць сваё жыццё на служэнне Богу і людзям, будуць мець уступны экзамен, пасля якога будзе вядома, колькі навучэнцаў будзе на першым курсе. Просім аб малітве у інтэнцыі гэтых маладзёнаў.
кл. Раман Вайцяховіч