Сёння а 10 гадзіне ў Тракелях распачалася адпустовая св. Імша, якую ўзначаліў дапаможны бп кс. Юзаф Станеўскі. Усё як заўсёды, але асаблівасцю сёлетняй урачыстасці было прывітанне сімвалаў Сусветнага Дня Моладзі - крыжа і абраза, якія сёння будуць перададзены моладзі з Літвы.
На пачатку св. Імшы слова ўзяў біскуп Аляксандр, які шчыра прывітаў усіх пілігрымаў, святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады. Ён сказаў: "Мы прыходзім да Марыі з падзякай за дар веры. Мы прыходзім да Яе з нашымі праблемамі, марамі, жаданнямі і ўсім, што знаходзіцца глыбока ў сэрцы." Потым біскуп падзякаваў пілігрымам за сведчанне веры, касцёльнай службе, арганізатарам і тым, хто дапамог у прыгатаванні ўрачыстасці.
Біскуп Юзаф Станеўскі падчас сваёй пропаведзі адзначыў, што варта навязваць дыялог з Марыяй і Езусам, варта пакідаць кватэры і прыязджаць сюды, да Маці Божай Тракельскай, каб маліцца за ўсіх людзей, а таксама і за свой край. У канцы сваёй прамовы дапаможны біскуп упэўнена ўсклікнуў: "Божа, благаславі Беларусь!"
Крыж і абраз СДМ, якія былі адараваныя праз усю ноч, да якіх можна было дакрануцца і каля іх памаліцца, сёння накіруюцца на мяжу з Літвой. Кс. Антоні Грэмза разам з моладдзю перадасць сімвалы, каб і вернікі з Літоўскай Рэспублікі маглі іх прывітаць.
Яна Ткачук