Штогод фэст у Будславе збірае некалькі тысяч чалавек. З усіх куткоў Беларусі з'яджаюцца веруючыя, каб памаліцца каля абраза Маці Божай і паўдзельнічаць у св. Імшы апоўначы. Тысячы пілігрымаў пакідаюць свае ўтульныя кватэры, каб аддаць пашану Найсвяцейшай Панне. І гэты год не стаў выключэннем.
Сёння, 4 ліпеня, у Будслаўскім касцёле ўжо ад 13 гадзіны распачалася сустрэча і прывітанне пілігрымаў кусташам санктуарыя. Хворыя ногі, крывавыя мазалі і высокі ціск не перашкаджалі паломнікам гучна спяваць і крычаць на парозе святыні.
Сёлета з Гродзенскай дыяцэзіі прыйшло 2 пілігрымкі, усяго 320 чалавек. З Віцебскай - 600 пілігрымаў: 6 пешых пілігрымак і 2 на раварах. З Мінскай дыяцэзіі - 8 пілігрымак. З Пінскай дыяцэзіі завіталі пілігрымкі Баранавічы-Будслаў і Ружаны-Будслаў. Агульным лікам да Маці Божай дайшло 2700 пілігрымаў.
А 18 гадзіне распачалася ўрачыстая св. Імша для паломнікаў. Як заўсёды, падчас прадстаўлення яны не хавалі эмоцый; плошча ў той момант нагадвала мора шалікаў і стужак. Падчас гаміліі прамаўляў св. Дух праз біскупа Алега Буткевіча, які таксама крочыў у віцебскай пілігрымцы. Ён адзначыў, што гэты свет не можа стацца мэтай нашага жыцця. Усё, што мы маем - толькі сродак, каб дайсці да неба. "Важна, каб перамога над сабою падчас пілігрымкі не засталася перамогай падчас пілірымкі" - упэўнена сказаў біскуп, пасля чаго гучна скандаваў: "На Беларусі Бог!" і атрымоўваў адказ ад натоўпу: "Жыве!"
Пасля св. Імшы будуць праводзіцца розныя набажэнствы і малітвы. А 22-45 распачнецца адарацыя крыжа Сусветнага Дня Моладзі, які таксама крочыць па Беларусі. І, як звычайна, апоўначы распачнецца св. Эўхарыстыя з працэсіяй з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.
Праграма ўрачыстасці 5 ліпеня, субота:
02.00 — моладзевая праграма ў палатачным гарадку. Зайграе гурт "Laudans"
02.00 — святая Літургія паводле грэка-каталіцкага абраду
04.00 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
05.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
06.00 — святая Імша
06.30 — Крыжовы шлях
07.30 — фацімскі Ружанец
09.00 — святая Імша
10.15 — прэзентацыя рэлігійнай літаратуры выдавецтва "Про Хрысто"
11.00 — святая Імша. Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Эўхарыстычная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Развітанне з крыжом Сусветнага дня моладзі. Ушанаванне рэліквій св. Яна Паўла ІІ.